Лукашэнка: нічога не хаваць ні ад свайго насельніцтва, ні ад нашых суседзяў

Лукашэнка: нічога не хаваць ні ад свайго насельніцтва, ні ад нашых суседзяў

19 снежня ў Палацы Незалежнасці ў Мінску на пасяджэнні Савета бяспекі разглядаецца новы план абароны Беларусі, уключна з далейшым развіццём беларускага войска. Прысутнічае кіраўніцтва ўсяго сілавога блоку нашай краіны. З уступным словам выступіў Аляксандр Лукашэнка, якога цікавіла найперш навізна ў плане, яго адрозненне ад папярэдняга.

Лукашэнка гаварыў пра тое, што працягваецца супрацьстаянне паміж "буйнымі сусветнымі цэнтрамі сілы" — ЗША, ЕС, КНР і Расіяй. Паводле яго слоў, узмацнілася гонка ўзбраенняў і абсвастрылася інфармацыйная вайна.
 
"Па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц, цытуе словы кіраўніка дзяржавы sb.by. — Імкненне прадставіць Расію ў якасці асноўнай пагрозы Захаду стала дамінантай палітыкі Паўночнаатлантычнага альянсу".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што ў краінах ЕС расце прысутнасць войскаў NATO і павялічваецца іх ваенная актыўнасць. А на ўсходзе развівае свае сродкі ўзбраення РФ, якая дэманструе ўсё большыя баявыя магчымасці.

Лукашэнка падкрэсліў міралюбную палітыку Беларусі. Яе прыярытэтам застаецца працягненне ваеннага супрацоўніцтва з сяброўскімі краінамі, найперш у рамках СНД. "Як кажуць у народзе, порах заўсёды трэба трымаць сухім, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Беларуская армія ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не збіраецца".

На нарадзе было заяўлена, што стаіць задача вызначыцца з прыярытэтнымі відамі ўзбраенняў, са складам Узброеных сіл, які будзе здольны выканаць задачы, які вызначыць новы план абароны. Асобная гаворка — фінансава-эканамічнае забеспячэнне беларускага войска і абароны дзяржавы. Чакаецца прыняццё "прынцыповага рашэння".

Рашэнні Саўбезу будуць агучаныя. "Мы нічога не павінны хаваць ні ад свайго насельніцтва, ні ад нашых суседзяў, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы павінны быць абсалютна празрыстыя, транспарэнтныя".

Лукашэнка папярэдзіў сілавікоў, што не трэба палохаць ні беларускае грамадства, ні "асабліва нашых суседзяў", а распавесці пра сітуацыю і пра запланаваныя меры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі