Вы тут

Лукашэнка не выключыў правядзенне датэрміновых выбараў прэзідэнта

Аляксандр Лукашенка / TACC

Наступныя выбары прэзідэнта могуць адбыцца ў Беларусі датэрмінова, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю кіраўніку расійскага навінавага агенцтва Дзмітрыю Кісялёву. Гэта стане магчымым, па яго словах, пасля прыняцця абноўленай Канстытуцыі.

"Яны могуць максімум адбыцца ў тэрмін, але, магчыма, будуць і датэрміновыя выбары ... на падставе, што прэзідэнт так вырашыць, ці ў пераходных палажэннях Канстытуцыі будуць замацаваныя іншыя тэрміны выбараў", —  сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён адразу заявіў, што наўрад ці выбары пройдуць наступным летам.

"Не. Не, гэта будзе відаць. Нам да прэзідэнцкіх выбараў тры гады прыкладна-чатыры", — адказаў Лукашэнка на ўдакладняючае пытанне. Кісялеў таксама спытаў, ці плануе ён у іх удзельнічаць. Лукашэнка адказаў: "Не ведаю. Шчыра, не ведаю". Але пры гэтым упэўнена заявіў, што не збіраецца сыходзіць з вялікай палітыкі.

Пры гэтым у тым жа інтэрв'ю Кісялёву ён дапусціў, што рэферэндум можа ўвогуле не адбыцца ў лютым, калі "калі вы (знешнія сілы, як удакладняе БЕЛТА) нас не паставіце перад увядзеннем нейкага надзвычайнага становішча". Потым ён, праўда, дадаў, што "гэта з вобласці фантастыкі".

Адразу пасля выбараў 2020 года на хвалі пратэстаў Лукашэнка казаў, што датэрміновых выбараў не будзе. "Адказваю вам на гэтае пытанне . Мы правялі выбары. Пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе", казаў ён рабочым Мінскага завода колавых цягачоў на іх патрабаванне правесці новае галасаванне. У траўні 2021 года ён зноў вярнуўся да гэтай тэмы. Сказаў, што гатовы пайсці на датэрміновыя выбары "ў любы дзень, як толькі яны [амерыканцы] абвесцяць аб датэрміновых [прэзідэнцкіх] выбарах [у ЗША]".

ЗША і краіны ЕС не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. Паводле плану наступныя выбары прэзідэнта павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.