Вы тут

Лукашэнка назваў умову падпісання "дарожных картаў" з Расіяй 8 снежня

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў пасля галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 17 лістапада адносіны з Расіяй.

"Ведаеце, які адмоўны гандлёвы баланс у нас з Расіяй? — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Пад 9 мільярдаў долараў. І дзе мне ўзяць гэтыя грошы, каб пакрыць дэфіцыт?"

Паводле слоў Лукашэнкі, прыходзіцца зарабляць на іншых рынках. "Што ж гэта за саюз, калі мы кожны год губляем і губляем? — абураўся беларускі лідар. — Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы". У выніку беларуская дзяржава пастаянна губляе ў эканоміцы. "Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Калі не будуць вырашаны пытанні па пастаўках нафты і газу, па адкрыцці расійскіх рынкаў для беларускіх тавараў і г. д., "ніякія дарожныя карты не могуць быць падпісаныя", падкрэсліў Лукашэнка.

На 8 снежня запланавана падпісанне планаў па паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй. Беларускія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што Мінск патрабуе ад Масквы зняць бар'еры ў гандлі і ўрэгуляваць пытанне кампенсацыі за расійскі "падатковы манеўр". Лукашэнка раней гэтыя патрабаванні не агучваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.