Вы тут

Лукашэнка: людзям, якія ў вас працуюць, трэба плаціць заробак, калі вы іх нанялі

БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка напярэдадні парламенцкіх выбараў зноў загаварыў пра заробкі. Адбылося гэта, калі ён прымаў з дакладам старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рамана Галоўчанку

Чыноўнік паведаміў, што на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у сістэму ДВПК, заробкі паступова павялічваюцца. "Цяпер сярэдняя заработная плата складае 1,6 тысячы рублёў. Да канца года будзем выходзіць на 1,7 тысячы рублёў. Гэта дастаткова высокі паказчык", — цытуе словы Галоўчанкі прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

У адказ Лукашэнка звярнуў увагу на заробкт нізкааплатных работнікаў. "Я паглядзеў па Оршы: добра, што вы да канца года ў сярэднім хаця б выйдзеце на 1 тысячы рублёў. Але трэба бачыць, што ў Дзяржкамваенпраме ёсць нізкааплатныя работнікі, і іх заробак, як па ўсёй краіне, трэба падцягваць да гэтай сярэдняй зарплаты", — выказаўся кіраўнік дзяржавы. 

Ён заявіў, што не заклікае плаціць людзям незаробленыя грошы, бо гэта супярэчыць законам рынку. "Не, сёння трэба напружвацца, мы на рынку працуем: што зарабілі, тое і падзялілі. Тым людзям, якія ў вас працуюць, трэба плаціць заробак, калі вы іх нанялі", — патлумачыў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік упэўнены, што 1000 рублёў гэта не завоблачны, заробак, а мінімум, які ў сярэднім павінна забяспечыць дзяржава. 

500 долараў (альбо каля 1000 рублёў) — гэта традыцыйнае абяцанне кіраўніка Беларусі перад кожнымі выбарамі на працягу ўжо многіх гадоў.