Лукашэнка: "Лесбіянкі хай будуць, а п...саў мы вывезем за горад у рэзервацыі"

Лукашэнка: "Лесбіянкі хай будуць, а п...саў мы вывезем за горад у рэзервацыі"

Аляксандр Лукашэнка казаў, што сэксуальных меншасцей у Беларусі няма. Пра гэта распавёў былы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сваіх мемуарах, перадае "Белсат"

Кніга мемуараў Сікорскага "Польшча можа быць лепшай" з'явілася на паліцах польскіх кнігарняў гэтым летам. У адным з раздзелаў былы кіраўнік польскай дыпламатыі распавядае пра свой візіт у Мінск і перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Візіт Сікорскага і кіраўніка МЗС Германіі Гідэ Вестэрвеле ў Беларусь адбыўся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Вестэрвеле не хаваў таго, што ён гей. У 2016 годзе ён памёр ад наступстваў лейкеміі.

Сікорскі ў сваіх мемуарах піша, што падчас сустрэчы з Лукашэнкам згадаў пра неабходнасць талерантнага стаўлення не толькі да нацыянальных, але і да сэксуальных меншасцей. 

"Лукашэнка паглядзеў на мяне як на варʼята і, вытрымаўшы паўзу, са здзіўленнем кажа: "Але ў нас у Беларусі няма ніякіх сэксуальных меншасцей". Польская і нямецкая дэлегацыя пераглядаюцца, і ўжо ўсе, хто сядзіць за сталом, пачуваюцца варʼятамі, але я вырашаю працягваць тэму і звяртаюся да яго, як да пацыента: "Спадар прэзідэнт, я разумею, што Беларусь мае сваю спецыфіку. Але гіпатэтычна, калі такія меншасці з'явяцца, то вы будзеце ставіцца да іх талерантна?". Лукашэнка глядзіць то на мяне, то на Вестэрвеле і, пасміхаючыся, кажа: "Ну, не ведаю, не ведаю… А… лесбіянкі хай будуць… Можна нават паглядзець. А п...саў мы ў аўтобусы — і вывезем за горад у рэзервацыі", — згадвае Сікорскі.

Дарэчы, пасля выбараў Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі журналістамі назваў гэтую размову непаразуменнем. Ён заявіў, быццам не ведаў пра сэксуальную арыентацыю нямецкага міністра: "Пакрыўдзіўся Вестэрвеле, што я там выказаўся, што я не прымаю… Як гэта называецца… Гэтых гома… Не, мужык з мужыком — гэта што? Гомасэксуалізм. Я не ведаў, чэсна. Мне міністр напісаў, што ў яго — я не дачытаў гэтую даведку".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі