Лукашэнка: Калі Украіна ўдарыць па Брэсту, адказ будзе імгненным

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

Некалькі дзён таму УСУ спрабавалі нанесці ўдар па ваенных аб'ектах Беларусі, але былі перахоплены супрацьпаветранымі комплексамі "Панцыр". Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас выступа з нагоды Дня незалежнасці.

Паводле беларускага кіраўніка, калі ўкраінцы пераступяць "апошні метр нашай зямлі" або ўварвуцца "на нашу зямлю", Беларусь нанясе ўдар у адказ. Пры чым, у выпадку меркаванага ўдару УСУ па Гомелі на поўдні, па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, па аэрапорце, аэрадроме ў Лунінцы або Брэсце, адказ будзе "імгненны, у адну секунду".

У сваім выступе Лукашэнка не прайшоў міма любімай тэмы "правакацый Захаду", сярод якіх назваў "падзеі ў Бучы", сітуацыю вакол блакіроўкі паставак у Калінінград і ўкраінскага збожжа.

“Амерыканцы загадалі, перш за ўсё палякам і літоўцам, працаваць на абвастрэнне для таго, каб і тут, як і на Украіне, задумаць новую вайну. Думаю, што скончаць апошнім жыхаром Еўропы, як яны цяпер гавораць пра вайну на Украіне. Мы трымаемся, разумеем гэтыя правакацыі і трымаемся. Лепш худы свет, чым добрая вайна", — сказаў Лукашэнка.

Яшчэ ён звярнуўся да краін Захаду і заявіў, што крыху менш за месяц таму аддаў загад беларускай арміі "ўзяць пад прыцэл, як цяпер модна гаварыць, цэнтры прыняцця рашэнняў у вашых сталіцах з усімі наступствамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі