Лукашэнка лічыць, што кандыдаты ў дэпутаты ад апазіцыі набралі "максімум 4%"

Акцыя "свабодных людзей" у Мінску / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​
Акцыя "свабодных людзей" у Мінску / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​

3 снежня, выступаючы ў Народнай скупшчыне Сербіі, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што хацеў бы бачыць у парламенце апазіцыю, але яна не карыстаецца папулярнасцю ў беларусаў.

Успамінаючы нядаўнія парламенцкія выбары, ён раптам заявіў, што заходнія назіральнікі загадзя склалі негатыўныя справаздачы, а потым проста іх падпісалі.

"Я хацеў, каб было тры-пяць-дзесяць апазіцыянераў, — патлумачыў ён. — Але як іх правесці, калі ў апазіцыянераў 3,5% галасоў? Максімум 4% у двух чалавек". Кіраўнік дзяржавы не разумее, як можна правесці ў парламент апазіцыянераў, ды яшчэ і дэмакратычным шляхам, як патрабуюць, калі іх "нават за руку нельга было ўзяць і прывесці".

Лукашэнка лічыць, што выбары ў Беларусі не могуць быць больш дэмакратычнымі, чым у гэтым годзе.

"Мы, напэўна, проста не здолеем правесці лепш, — сказаў ён. — Мы ўсяляк імкнуліся дагадзіць не толькі нашым спонсарам і заўзятарам на Усходзе, але і ў Еўрасаюзе".

Паводле яго слоў, у выніку адны захапляліся вынікамі выбараў, іншыя сказалі, што раз апазіцыя не трапіла ў парламент, значыць "бяда, дрэнна, недэмакратычна, зноў няма свабоды, дыктатура".

Лукашэнка назваў гэта "поўнай лухтой".

"Мы нікога не ціснулі", — падкрэсліў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, праблема беларускіх апазіцыянераў у тым, што яны працуюць толькі ў перыяды электаральных кампаній і жывуць на замежныя гранты.

"Нідзе не працуюць — у добрых асабняках жывуць, на добрых аўтамабілях раз'язджаюць. Народ задаецца пытаннем: адкуль? Адказу няма", цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Нагадаем, што ў дзень парламенцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік дзяржавы казаў, што не прывык парыцца прызнаюць выбары ці не. Па выніку назіральнікі АБСЕ і ПАСЕ назвалі парламенцкія выбары не адпаведнымі міжнародным дэмакратычным стандартам. Дэмакратычнымі іх прызналі назіральнікі ад СНД і ШАС. Некаторыя беларускія назіральнікі падчас выбараў пазбавіліся акрэдытацыі на ўчастках. Многія выбаршчыкі ў Беларусі лічаць, што хадзіць на выбары трэба, каб за іх не прагаласавалі іншыя. Ёсць тыя, хто агітуе ігнараваць выбары, таму што не вераць у іх сумленнасць. 2 снежня актывісты з "Моладзевага блока" презентавалі відэа "Клуб ананімных кандыдатаў". Члены клуба распавядаюць, як спрабуюць змагацца з цягай да сумленных выбараў і чаму яны не сталі дэпутатамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі