Лукашэнка: Беларусь ідзе да нармалізацыі адносінаў з ЕС і ЗША

Беларусь будзе мэтанакіравана ісці на нармалізацыю адносінаў з Захадам — з ЕС і ЗША. Пры гэтым наша краіна заўсёды будзе намагацца захаваць брацкія адносіны з Расіяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня, выступаючы на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

"Мы ж не абураемся тым, што Расія мэтанакіравана прыкладае зараз каласальныя намаганні для нармалізацыі стасункаў з Захадам. Вось і вы не абурайцеся. Трэба супакоіцца і нармальна працаваць", — цытуе словы Лукашэнкі "Інтэрфакс". Ён падкрэсліў, што беларусы не былі і не будуць здраднікамі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што тавараабарот Беларусі з Расіяй і з краінамі Захаду прыблізна аднолькавы: "Чаму ж мы з імі не павінны супрацоўнічаць?". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адносіны з ЕС і ЗША будуць "некалькі іншыя", чым з Расіяй, "але іх трэба выбудоўваць".

Кіраўнік Беларусі таксама адзначыў, што на Захадзе чакаюць з Мінска "нейкіх сігналаў", чакаюць, пакуль пройдуць прэзідэнцкія выбары. "Беларусь разумее гэтую асцярожнасць і гатовая чакаць", — сказаў Лукашэнка.