Вы тут

Лукашэнка адправіў былога міністра аховы здароўя на працу ў Магілёў

Валерый Малашка / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка адправіў былога міністра аховы здароўя Валерыя Малашку на працу ў Магілёў. Ён прызначаны намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама, інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Гэтая пасада стала вакантнай пасля прызначэння намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказным за ідэалогію і СМІ 40-гадовага Андрэя Кунцэвіча. Цікава, што Малашка ўжо працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама ў 2009-2016 гадах. Адтуль ён пайшоў на павышэнне ў Мінск, быў міністрам працы і сацыяльнай абароны, а са студзеня 2017-га да чэрвеня 2019 года — міністрам аховы здароўя.

Таксама 19 жніўня Лукашэнка даў згоду на прызначэнне трох старшынь райвыканкамаў: Васіля Захаранкі — у Бялынічах, Мікалая Сцяпанава — у Дрыбіне, Аляксандра Яфімчыкава — у Чавусах. Іван Вежнавец стаў першым намеснікам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У тым жа міністэрстве будзе працаваць на пасадзе намесніка міністра Аксана Канстанціновіч.

"Людзі ўсё могуць дараваць, але несправядлівасць ніколі не даруюць, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка новапрызначаным чыноўнікам. — ...Аднясіцеся па-чалавечы да людзей".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.