Вы тут

Лукашэнка — аб пратэстах пасля выбараў: то машыны палілі, то з заточкамі бегалі

Аляксандр Лукашэнка і генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась​ / БелТА

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што сітуацыя з пратэстамі ў Мінску застаецца напружанай. Пра гэта ён казаў на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем.

"Ціхая, спакойная краіна, а ў Мінску мы ніяк не можам галаву ўзяць у рукі і падумаць, як жыць далей. Але, я думаю, мы з гэтым абавязкова справімся", — цытуе Лукашэнка БелТА.

Ён нагадаў, што пасля выбараў у Беларусі перыядычна ўзнікалі пратэсты: "У нас пасля чарговых выбараў то машыны палілі, то з заточкамі бегалі, то Дом урада штурмавалі. Але тады ўплыў звонку быў мінімальным, а цяпер яны закусілі цуглі", — сказаў ён.

Лукашэнка ўпэўнены, што заходнія партнёры актывізаваліся і "перабралі ў дачыненні да Беларусі".

Падзеі ў Беларусі таксама пераканалі Лукашэнку ў неабходнасці развіваць АДКБ: "У размове з Пуціным я якраз сказаў пра гэта: цяпер мы, напэўна, зразумелі, што такое гэтае АДКБ і для чаго нам гэтая арганізацыя патрэбная".

Пасля жнівеньскіх пратэстаў, справакаваных фальсіфікацыяй выбараў і жорсткасцю сілавікоў падчас першых акцый, Расія заявіла, што гатовая пры неабходнасці дапамагчы. Пуцін сказаў, што па просьбе Лукашэнкі сфармаваў рэзерв, які пры неабходнасці можа быць выкарыстаны на тэрыторыі Беларусі. Нейкі час гэты рэзерв быў размешчаны на мяжы з Беларуссю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.