Літоўскія прызыўнікі атрымліваюць 3 тысячы еўра і сацпакет

У Літве трэці тыдзень ідзе прызыў, які ладзіцца ўпершыню за 7 гадоў. Сёлета ў войска трапіць 3000 юнакоў. 13 траўня Міністэрства абароны Літвы афіцыйна апублікавала спіс прызыўнікоў, у яго трапілі амаль 37 тысяч чалавек ва ўзросце ад 19 да 26 гадоў.

Для прыкладу, у Беларусі сёлета прызываюць каля 10 тысяч чалавек і каля тысячы ў рэзерв. Колькасць вайскоўцаў нашай краіны складае каля 48 тысяч.

Тэрміновая служба ў літоўскім войску доўжыцца 9 месяцаў. Яна прадугледжвае сацыяльныя бонусы: забеспячэнне вопраткай, харчаваннем, жыллём, адпачынак, аплату праезду, захаванне працоўнага месца ці месца навучання, кампенсацыя 50% кошту навучання, працадаўцам цягам 6 месяцаў кампенсуюць зарплату, сацыяльныя і страхавыя выплаты ў перыяд беспрацоўя, частку выдаткаў на жыллё, якім прызыўнік не карыстаецца, першынства падчас паступлення на дзяржслужбу.

Салдатам кожны месяц плацяць па 140 еўра. А пасля службы даюць аднаразовую выплату: за выдатную службу — 2633 еўра, за добрую — 2291 еўра, за здавальняючую — 1949 еўра. Агулам атрымліваецца больш за 3 тысячы еўра за ўвесь тэрмін службы.

Але не ўсе юнакі, якія трапілі ў спіс прызыўнікоў, радыя гэтай навіне. Літоўскія медыі і сацыяльныя сеткі цяпер перапоўненыя эмацыйнымі каментарамі. Літоўскі партал DELFI цытуе словы карыстальнікаў сацсетак:

“Муж у спісе прызыўнікоў. У нас 8,5-месячнае дзіцяці, крэдыт на жыллё, я ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Што, нашы выдаткі цяпер будзе дзяржава аплачваць? Дзе справядлівасць?” — піша Яўгенія.

Іншы карыстальнік абураецца:

“У спісе ёсць адзін сябар, які ў 25 гадоў пачаў свой бізнес, а 22-гадовага суседа, хранічнага алкаголіка, які нідзе не вучыцца і не працуе, няма”.

Вялікія цяжкасці прызыў выклікае ў тых літоўцаў, якія жывуць за мяжой. Адзін з іх піша:

“Я ў спісе, хоць цяпер вучуся ў Англіі, я студэнт. У спісе няма маіх сяброў, якія вучацца ў Літве. Смешна. Цікава, што трэба казаць ва ўніверсітэце, калі мяне прызавуць? Ці прымаюць яны наогул да ўвагі такое?”

“Год таму я з’ехаў працаваць за мяжу. На працы ўсё добра. Гэта працоўнае месца, за якое давялося пазмагацца — добрая зарплата, планы на будучыню. Я адкладваю грошы на бізнес, і тут “бум”. Што я скажу начальніку? Не думаю, што ён прыме мяне назад праз 9 месяцаў”, — цытуе словы іншага літоўца партал DELFI.

Паводле літоўскага заканадаўства, тым, хто ўхіляецца ад службы, пагражае крымінальная адказнасць — да двух гадоў пазбаўлення волі.

Фота: pressassociation.com, gorod.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі