Вы тут

Літоўскі міністр: у Беларусі разумеюць, што пагроза не з Захаду

Reuters

У Вільні адказалі на заявы афіцыйнага Мінска наконт з'яўлення амерыканскіх танкаў недалёка ад беларускай мяжы. У Літву на палігон Пабрадэ (ад яго 15 км да мяжы з Беларуссю) прыбываюць падраздзяленні амерыканскай бранятанкавай дывізіі. Аляксандр Лукашэнка загадаў адрэагаваць на амерыканскія танкі ў Літве. Меры ў адказ кіраўніку дзяржавы прапануюць у пачатку наступнага тыдня.

Міністр нацыянальнай абароны Літвы Раймундас Каробліс заявіў, што Літва "зацікаўлена ў захаванні незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, а таксама ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва". Ён запэўнівае, што "ваенных ці іншых пагроз суверэнітэту Беларусі няма, прынамсі з заходняга боку". Атрымліваецца, што літоўскі міністр намякае, на імаверную пагрозу з іншага боку.

Каробліс спадзяецца, што рэакцыя Беларусі будзе адэкватная сітуацыі, паколькі амерыканскі батальён не можа ўяўляць нейкай небяспекі. Ён нагадаў, што адбываецца звычайная ратацыя сіл NATO. А іх літоўскі міністр разглядае, як "важны стрымліваючы фактар для бяспекі ў нашым рэгіёне".

У Мінску заклапочаныя і будучымі вайсковымі вучэннямі NATO, павелічэннем іх інтэнсіўнасці. "Беларускаму боку вядомыя прычыны таго, чаму гэта адбываецца, — гаворыць Раймундас Каробліс. — І яны не маюць ніякага дачынення да Беларусі і не накіраваны супраць яе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.