Вы тут

“Лістапад” адкрые "Бацька" — балгарская драма пра цяжкасці зносін з блізкімі

Фільм "Бацька"

Фільмам адкрыцця галоўнага кінафестывалю Беларусі стане балгарская драма "Бацька" — лаўрэат галоўнай узнагароды Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах. "Бацька" — гэта інтымная сямейная драма пра цяжкасці зносін з блізкімі людзьмі.

Сюжэт такі: пасля смерці Валянціны яе забіты горам муж Васіль і сын Павел даведваюцца, што яна настойліва спрабуе дазваніцца суседцы па тэлефоне. Прымхлівы Васіль збіраецца на сустрэчу з вядомым медыумам. Сын Павел, які даўно ад яго аддаліўся, едзе з ім, каб прыглядаць за сваім легкаверным старым. Гэта вар'яцкае падарожжа дапаможа бацьку і сыну прызнаць сваю віну перад той, каго яны страцілі, і пераасэнсаваць свае адносіны. 

"Карціны Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай пастаянна прымаюць удзел у нашым фестывалі і заўсёды становяцца аднымі з найважнейшых яго падзей. Драма "Урок" у 2015 годзе атрымала "Золата Лiстапада", фільм "Слава" ў 2016 годзе ўдастоілася прыза сімпатый гледачоў. Іх стужкі — спалучэнне фестывальнага і глядацкага кіно, і "Бацька" ў гэтым плане не выключэнне. Фільм атрымаў Гран-пры "Хрустальны глобус" на кінафестывалі ў Карлавых Варах, прыз за найлепшую рэжысуру і прыз сімпатый гледачоў Сахалінскага МКФ "Край свету", — каментуе дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў.Карціна Крысціны Грозевай і Петара Вылчанава ўяўляе сабой узор кіно, якое расказвае пра сямейныя сувязі, бытавыя звадкі, веру ў цуд і любоў. Стужка кранальная, містычная, у ёй шмат гумару і іроніі, а таксама нечаканая канцоўка — тое, што вылучае творчасць гэтых рэжысёраў".

Сёлета Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пакажа 154 фільмы ў 6 кінатэатрах. Ён пройдзе ў Мінску з 1 да 8 лістапада. Агульны бюджэт сёлета склаў 450 тысяч долараў, што, па запэўненні арганізатараў, вельмі сціплая лічба ў параўнанні з іншымі міжнароднымі фестывалямі.