Лекі ў Літве каштуюць амаль у 10 разоў танней, чым у Мінску

“Набывала некаторы час таму лекі для бацькі — французскі “Плавікс”. Упакоўка з 14 таблетак каштавала 568 тысяч. А потым папрасіла сяброўку прывезці запас з Вільні, і яна там набыла 3 упакоўкі па 28 таблетак у кожнай. Заплаціла за ўсё гэта каля 400 тысяч на нашы грошы”, — расказвае Еўрарадыё мінчанка Ганна.

У пераліку на адну таблетку атрымоўваецца, што беларусы плацяць за гэтыя лекі амаль у 10 разоў даражэй. У Мінску адна таблетка “Плавікса” каштуе больш за 40 тысяч рублёў, у Вільні — 4500.

Але гэта яшчэ не ўсё. Айчыннае прадпрыемства “Белмедпрэпараты” выпускае беларускі адпаведнік французскіх лекаў. Называецца ён “Клапідагрэл”. Каштуе, у залежнасці ад аптэкі і мясцовасці, каля 220 тысяч за упакоўку з 30 таблетак. Каля 7 тысяч за штуку. То бок даражэй, чым французскі “Плавікс” у Літве. Пра розніцу ў якасці айчынных і замежных медпрэпаратаў не ведае толькі той, хто ніколі не хварэе.

У адной з беларускіх сетак прыватных аптэк Еўрарадыё расказваюць, што ўсе кошты на лекі ў Беларусі, айчынныя і замежныя, жорстка кантралююцца ўжо амаль дзесяць гадоў. 11 жніўня 2005 выйшаў адпаведны указ кіраўніка краіны.

“Усе кошты на лекі вызначаюцца Указам кіраўніка краіны нумар 366 ад 11 жніўня 2005 года. А чаму ў нас такія кошты, а за мяжой такія, я вам сказаць не магу”.

Шукаем патрэбны указ. У пункце 1.2 там прапісана, што кошты на замежныя лекі ў Беларусі складаюцца з адпускной цаны вытворцы і беларускай аптовай надбаўкі.

“Цэны на медыцынскія тавары замежнай вытворчасці фармуюцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з дапамогай складання разліковай адпускной цаны і аптовай надбаўкі. Памер аптовай надбаўкі не павінен перавышаць устаноўленага гранічнага ўзроўню, што вызначаецца зыходзячы з разліковай адпускной цаны за адзінку медыцынскага тавару”.

Кошты на беларускія адпаведнікі пры гэтым аптовых надбавак пазбаўленыя. Але не ўсё так трагічна. Некаторыя замежныя медпрэпараты ў Беларусі нават таннейшыя, чым у краінах ЕС. Напрыклад — “Віагра”. Аптэкары расказваюць, што ў нас яна амаль не карыстаецца попытам, беларускія мужчыны спраўляюцца і без цудадзейных пігулак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі