Лекарам агульнай практыкі могуць даць права аказання псіхіятрычнай дапамогі

Лекарам агульнай практыкі могуць даць права аказання псіхіятрычнай дапамогі

Лекарам агульнай практыкі могуць дазволіць аказваць пацыентам псіхіятрычную дапамогу. Такія нормы закладзеныя ў праект новай рэдакцыі закона "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі". Дакумент цяпер разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў.

Паводле міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, які адказваў на пытанні дэпутатаў, лекары агульнай практыкі працуюць не толькі ў якасці тэрапеўтаў, але і аказваюць меддапамогу ў іншых галінах. Таму распрацоўшчыкі законапраекта прапануюць даць ім права працаваць з пацыентамі, у якіх выяўленыя прыкметы лёгкіх псіхіятрычных разладжанняў і хваробаў, без небяспекі для жыцця і здароўя.

Міністр аховы здароўя заяўляе, што на сёння ў 90 краінах свету лекары агульнай практыкі аказваюць псіхіятрычную дапамогу, а паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўсяго меней за 1% людзей з дэпрэсіўным станам лекуюцца ў спецыялізаваных установах. Палова пацыентаў з такім разладжаннем не атрымлівае ніякай тэрапіі, а ў 15-20% выпадкаў толькі ставіцца дыягназ без наступнай тэрапіі, што негатыўна адбіваецца на здароўі насельніцтва.

Паводле Караніка, такія змены не адмяняюць права накіроўваць пацыентаў да псіхіятра, але многія людзі праз забабоны не хочуць звяртацца да вузкіх спецыялістаў. З іншага боку прызначэнне лекарам агульнай практыкі прэпаратаў для карэкцыі псіхалагічнага стану дазволіць эфектыўней праводзіць і звычайную, саматычную тэрапію.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі