Леанід Заіка: "Гэта такі джэнтэльменскі учынак з боку Нацбанка"

Долары засталіся толькі на самыя важныя справы: пакупку нафты, газу, машын для чыноўнікаў і загарадных віл, каментуе рашэнне Нацбанка не выдаваць крэдыты ў валюце эканаміст Да 1 студзеня 2011 года банкі не будуць выдаваць людзям крэдыты ў замежнай валюце. Іх змогуць атрымаць толькі прыватныя прадпрымальнікі.

У заяве Нацбанка тлумачыцца, што людзі ў нашай краіне атрымоўваюць заробак у рублях, а таксама магчымыя ваганні курсаў валют, таму крэдытаванне ў валюце нясе рызыку для насельніцтва і для банкаў, у выпадку, калі людзі не змогуць вяртаць крэдыты.

Еўрарадыё пацікавілася ў эканамістаў, як яны ацэньваюць гэтыя захады Нацбанка.

Вось што распавёў Еўрарадыё Леанід Заіка:

"Гэта да таго, што долараў у банках няма. Засталіся толькі на самыя важныя справы: пакупку нафты, газу, машын для чыноўнікаў і загарадных віл".

На думку Сяргея Чалага, гэтае рашэнне Нацбанка правільнае, бо такім чынам ён спрабуе ўмацаваць беларускі рубель, а таксама абараніць людзей ад рызыкі.

Сяргей Чалы: "Мне здаецца, што гэта правільнае рашэнне. Калі людзі самі рызыкі лічыць не ўмеюць, то трэба абмежаваць ім магчымасці рабіць нейкія дзеянні сабе ў шкоду... У нас доўгі час грашовая маса ў рублях змяншалася, а ў доларах расла. Гэта не нармальна. Чым меней попыт на беларускія рублі, тым вышэй унутраная інфляцыя. У гэтым сэнсе рашэнне правільнае".

Міхась Залескі таксама кажа пра тое, што Нацбанк спрабуе ўмацаваць рубель, але лічыць, што рашэнне прынятае са спазненнем.

Міхась Залескі: "Рашэнне спазнілася на 15 гадоў... Зараз усё, што пачынае рабіцца, яно робіцца па-нашаму са спазненнем на 15 гадоў".

Але адначасова з гэтым трэба прыняць іншыя меры, кажа Міхась Залескі:

"Адначасова з гэтым, як мне здаецца, павінны быць уведзены меры на стрыманне рэалізацыі тавараў і паслугаў за валюту, што павысіць попыт на беларускія рублі. Адначасова гэта ўскладніць пэўныя дзеянні для людзей, звязаных з валютнай камплектацыяй. І для імпарцёраў, якія зацікаўленыя ў вывазе валюты з Беларусі".

Леанід Заіка адзначае, што Нацбанк у сваіх заявах канстатуе зразумелыя ўсім рэчы, але не кажа самой прычыны прынятага рашэння.

Леанід Заіка: "Нацбанк мусіць штосьці напісаць. Пажадана не самае дурное. Але, калі ён кажа, што заробак людзям плацяць у рублях, то гэта было і 10 год таму, і 15, і 20. Таму Нацбанк — не крэдыт ісціны. Але людзі пра гэта ведаюць, для іх гэта не навіна. І тое, што курсы вагаюцца ў выніку неэфектыўнай працы беларускай банкаўскай сістэмы, людзі таксама ведаюць. Нацбанк канстатаваў такія простыя рэчы, як Волга ўпадае ў Каспійскае мора. А насамрэч грошай няма. Долараў няма, еўра таксама".

На думку Леаніда Заікі, гэты ўчынак Нацбанка можа быць хутчэй звязаны з магчымай дэвальвацыяй. І каб не пакрыўдзіць людзей, якія могуць згубіць грошы, ён іх сам абмяжоўвае.

Леанід Заіка: "Гэта такі джэнтэльменскі учынак з боку Нацбанка. Калі б зараз крэдыт на будаўніцтва, напрыклад, далі ў доларах, а праз тыдзень ён стаў бы даражэй на 15 працэнтаў, то людзі б пакрыўдзіліся. А так крыўдзіцца не будуць".

Фота: creditreform-moscow.ru