Лаўроў: абвяшчэнне Ціханоўскай у вышук — "гэта чыста прававое пытанне"

Лаўроў: абвяшчэнне Ціханоўскай у вышук — "гэта чыста прававое пытанне"

Расія абвясціла Святлану Ціханоўскую ў вышук, выконваючы свае абавязацельствы па дамове дзяржаў СНД. Пра гэта міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў расказаў у інтэрв'ю газеце "Коммерсант". 

"Абвяшчэнне ў вышук Святланы Ціханоўскай — гэта чыста прававое пытанне. Гаворка ідзе пра выкананне Расіяй сваіх абавязацельстваў па дамове дзяржаў-удзельніц СНД аб міждзяржаўным вышуку асоб ад 10 снежня 2010 года", — цытуе выданне словы Лаўрова. Ён дадаў, што Ціханоўскую ўнеслі ў міждзяржаўны вышук паводле запыту з Беларусі.

Як паведамлялася раней, Святлану Ціханоўскую абвясцілі ў міждзяржаўны вышук "за заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ён сам дапамог выехаць Ціханоўскай за мяжу і даў ёй на пражыванне 15 тысяч долараў, знятых з рахунку дзяржаўнага прадпрыемства. 

Дарэчы, у міждзяржаўны вышук з ініцыятывы беларускага боку быў абвешчаны і Валерый Цапкала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі