Латвійскія порты зацікаўленыя ў транзіце беларускіх нафтапрадуктаў

Латвійскія порты зацікаўленыя ў транзіце беларускіх нафтапрадуктаў

Латвійскія порты зацікаўленыя ў тым, каб павялічыць транзіт беларускіх нафтапрадуктаў, а таксама прыцягнуць грузы з кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі Камень". Пра гэта журналістам заявіў прэм'ер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс пасля перамоваў з кіраўніком беларускага ўраду Андрэем Кабяковым.

"Мы зацікаўленыя ў павелічэнні перавозкі нафтапрадуктаў праз латвійскія парты. Вядома, я таксама заклікаю палепшыць канкурэнтаздольнасць латвійска-беларускага транзітнага калідора, праводзячы электрыфікацыю чыгункі", — цытуе БЕЛТА словы латвійскага прэм'ера.

Латвія таксама хоча развіваць трохбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю і Кітаем. Латвійскі бок выказвае цікавасць да транзіту грузаў з індустрыяльнага парку "Вялікі Камень" праз свае порты. Кучынскіс падкрэсліў, што Беларусь — найбуйнейшы партнёр Латвіі па знешнім гандлі сярод краін "Усходняга партнёрства".

Дарэчы, у 2021 годзе Беларусь і Латвія разам прымуць чэмпіянат свету па хакеі. Кучынскіс выказаў пажаданне, каб у фінале спаборніцтваў у Мінску згулялі зборныя Латвіі ды Беларусі. Гэтае пажаданне падтрымаў і яго беларускі калега. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі