Латвійскі эксперт: Аб'ём гандлёвых адносін Беларусі і Латвіі анамальна малы

Месяц таму пад эгідай Латвійскага інстытута міжнародных адносін пабачыла свет кніга “Эканамічная прысутнасць Расіі і Беларусі ў Балтыйскіх краінах: рызыкі і магчымасці”. У шэрагу артыкулаў зборніка эксперты Літвы, Латвіі і Эстоніі асвятляюць розныя аспекты супрацоўніцтва балтыйскіх краін з нашай дзяржавай і Расіяй.

Еўрарадыё пагутарыла з сааўтарам кнігі, даследчыцай Латвійскага інстытута міжнародных адносін Дыянай Пацёмкінай (Diāna Potjomkina) пра сучасны стан беларуска-латвійскіх адносінаў.

Еўрарадыё: Ужо не першы месяц гучаць заявы беларускай кіруючай эліты пра магчымае перанакіраванне транзіту з партоў Літвы і Латвіі — на расійскія парты. Наколькі порт Вентспілса залежны ад транзіту беларускіх тавараў, і наколькі вялікі ўплыў Беларусі на латвійскую эканоміку ў святле магчымай рэарыентацыі транзіту?

Дыяна Пацёмкіна: У 2011 годзе больш за 21% аб'ёму транзіту праз латвійскую чыгунку прыйшлося на Беларусь, то бок транзіт з Беларусі даволі важны. Але інфармацыю пра перанакіраванне грузаў на іншыя парты я ўспрымаю са скептыцызмам. Адносіны Беларусі і з Расіяй не асабліва гарачыя. А што да спекуляцый наконт перанакіравання на літоўскія парты, то гэта выглядае як пэўная гульня, як спроба пасварыць суседзяў паміж сабой, каб займець для сябе лепшыя тарыфныя ўмовы. Эканамічна малаабгрунтавана так знянацку мяняць маршруты і перанакіроўваць транзіт.

Еўрарадыё: Увогуле, ці вялікая эканамічная прысутнасць Беларусі ў Латвіі? У беларускай прэсе неаднойчы з'яўляліся публікацыі пра тое, што нібыта латвійскія прадстаўнікі ў Савеце ЕС заблакавалі рашэнне аб уключэнні шэрага латвійскіх прадпрыемстваў, што кантралююцца беларускімі “алігархамі”, у санкцыйны спіс.

Дыяна Пацёмкіна: Гандлёвы зварот паміж краінамі вельмі малы. Для Латвіі, па дадзеных 2011 года, Беларусь займала 8-е месца сярод усіх знешнегандлёвых партнёраў. Экспарт у Беларусь складаў 2% ад усяго латвійскага экспарту, імпарт з Беларусі — 5%. Прымаючы да ўвагі, што мы суседнія краіны, я б сказала, што аб'ём гандлёвых адносін – анамальна малы. У Латвіі невялікі адмоўны знешнегандлёвы баланс з Беларуссю, але пры такіх параўнальна малых аб'ёмах гандлю гэта не мае вялікага значэння.

Што да санкцый, дык супраць іх выступалі як прадпрымальнікі, якія працуюць з беларускімі партнёрамі, так і шэраг латвійскіх чыноўнікаў, уключна са старшынёй Камісіі Сейма па замежных справах. Асноўнымі аргументамі былі — адмоўны ўплыў на беларускае грамадства і негатыўны ўплыў на латвійскую эканоміку.

Еўрарадыё: Латвійскія эксперты заўважылі, што пацяпленні і ахаладжэнні ў адносінах Латвіі і Расіі адбываюцца праз больш-менш аднолькавыя перыяды часу ў 7 гадоў. Ці ёсць такая цыклічнасць ў латвійска-беларускім выпадку?

Дыяна Пацёмкіна: Сямігадовых цыклаў у выпадку з Беларуссю не назіраецца, але перыядычна палітыка Латвіі да Беларусі мянялася і даволі кардынальна. Гэта залежала, па-першае, ад фону адносін Еўрасаюза з Беларуссю, па-другое, ад таго, якія палітычныя сілы былі пры ўладзе ў Латвіі і якія інтарэсы яны мелі. Напрыклад, у пачатку 2000-х гг. палітыка Латвіі была больш прынцыповай, і яна пазіцыянавалася як адзін з асноўных прамоўтараў дэмакратыі ў Беларусі. А цяпер нават тыя палітычныя партыі, якія 10 гадоў таму мелі больш прынцыповую пазіцыю да афіцыйнага Мінска і актыўна выступалі ў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, змякчылі сваё стаўленне і большую ўвагу надаюць развіццю супольных эканамічных адносінаў.

Еўрарадыё: Чаму Літва традыцыйна займае больш прынцыповую пазіцыю ў адносінах з афіцыйным Мінскам і больш падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць, чым Латвія? Ці падаецца вам латвійская замежная палітыка ў гэтым сэнсе больш прагматычнай?

Дыяна Пацёмкіна: Я б не пагадзілася з тым, што Літва, у адрозненне ад Латвіі, вельмі крытычна ставіцца да афіцыйнага Мінска і вельмі актыўна падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць. Тым больш, што здарыўся такі адмоўны выпадак са справай Бяляцкага. Літву таксама цікавіць беларускі транзіт і не бачна яе вялікай гатоўнасці падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, калі гэта вельмі перашкаджае эканамічным інтарэсам. Латвія, як і Літва, праводзіць двухбаковую палітыку: з аднаго боку, ціск з нагоды парушэння дэмакратычных стандартаў, з другога — абарона інтарэсаў сваіх прадпрымальнікаў, якія працуюць з Беларуссю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі