Вы тут

Латушка адказаў жонцы Макея: а хто знішчае шэраг тэатраў па ўсёй Беларусі?

У Купалаўскім тэатры / З архіву Еўрарадыё

Экс-дырэктар Купалаўскага тэатра, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка адказаў на абвінавачванні Веры Паляковай-Макей у знішчэнні тэатра.

Некалькі дзён таму на тэлеканале АНТ жонка кіраўніка МЗС, актрыса і тэлевядоўца Вера Палякова заявіла, быццам Латушка разбурыў Купалаўскі тэатр. 

"Адзінае, чаго я яму ніколі не дарую, што ён выцер ногі аб Купалаўскі тэатр. Што ён разбурыў стогадовую гісторыю тэатра, ён вывеў гэтых людзей і кінуў іх. Вось гэтага я яму не дарую ніколі. Так, яны не авечкі, яны, пэўна, разумелі, што робяць. І я не авечка, я 26 гадоў жыла ў гэтай краіне пры гэтай дзяржаве, і я не лічу, што ўсё было так дрэнна", — заявіла яна.

У інтэрв'ю Malanka Live Латушка нагадаў, што тэатр найперш складаецца з актораў, а не з будынка. 

"З тэатра сышлі народныя артысты, заслужаныя артысты Беларусі, дарэчы, па колькасці народных і заслужаных артыстаў Купалаўскі тэатр заўсёды быў лідарам. І гэта людзі прымалі рашэнне, кожны з іх асоба, кожны з іх асоба ў культуры. І казаць, што хтосьці іх вывеў, хтосьці іх павёў за сабой, хтосьці аб іх выцер ногі — гэта па-блюзнерску, гэта растаптаць яшчэ раз гэтых людзей, іх пачуцці, іх боль і пакуты. Тыя эмоцыі, якія былі тады, не сышлі, таму што рэпрэсіі і гвалт працягваюцца. Так што ніхто нікога не выводзіў, гэта было рашэнне акцёраў, творчага складу і шэрагу супрацоўнікаў. А Нацыянальны тэатр Купалы — гэта адказнасць перад нацыяй, перад народам. Дык вось, Купалаўскі тэатр узяў на сябе гэтую адказнасць і ролю, і ён сказаў: так, мы з народам, так, мы з беларускай нацыяй", — цытуе TUT.by словы Латушкі.

Ён дадаў, што за паўтара года, пакуль кіраваў Купалаўскім тэатрам, не бачыў у ім сям'і Макеяў. Хаця туды заходзілі былыя міністры замежных спраў — Хвастоў, Сянько, Латыпаў, Мартынаў, тагачасны прэм'ер-міністр Румас

Таксама Латушка прапанаваў Веры Паляковай-Макей адказаць, хто знішчае шэраг тэатраў па ўсёй краіне, звальняючы адтуль супрацоўнікаў.

"А вось што скажа Вера Аляксандраўна наконт Свабоднага Мастацкага тэатра, які фактычна спыніў сваё існаванне, Новага драматычнага тэатра, Гродзенскага драматычнага, дзе сышла палова трупы, Вялікага тэатра, дзе звольнілі артыстаў, Белдзяржфілармоніі, дзе артыстаў затрымлівалі падчас рэпетыцый. Гэта музыкі, артысты. Колькі з іх прайшлі праз турмы, Вера Аляксандраўна? Іх таксама вывелі, аб іх таксама выцерлі ногі? Хто? Вы адкажаце на гэтае пытанне? Якую крывадушнасць трэба мець, каб такое сцвярджаць", — абурыўся Латушка. 

Ён нагадаў, што ад сям'і Макеяў не было сказана ніводнага слова пра забітых, затрыманых, катаваных людзей. Латушка папракнуў сям'ю міністра замежных спраў у крывадушнасці. 

Па яго словах, Уладзімір Макей пастаянна згадвае пратэсты ў Еўропе і вінаваціць замежжа ў двайных стандартах. "Давайце разбярэмся спачатку ў нашай краіне. Калі спадар Макей лічыць, што ў нашай краіне можна забіваць і не ўзбуджаць крымінальныя справы, можна падвергнуць катаванням тысячы грамадзян Беларусі і не ўзбуджаць крымінальныя справы — тады пра што мы наогул у прынцыпе можам дыскутаваць з гэтымі людзьмі?" — патэтычна кажа Латушка.

Дарэчы, сыход актораў з Купалаўскага тэатра у віну Латушку ставіў і лідар партыі КХП-БНФ Зянон Пазняк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.