Кур'ёзны беларускі футбол: два аўтагалы за матч і гол праз усё поле (відэа)

Кур'ёзны беларускі футбол: два аўтагалы за матч і гол праз усё поле (відэа)

30 ліпеня ў Беларусі прайшлі гульні 16-га тура чэмпіяната краіны па футболе. Заўзятарам гэты тур запомніцца, найперш, не заканамернаымі перамогамі лідараў чэмпіяната — "Шахцёра" і БАТЭ — а кур'ёзнымі разборкамі сераднячкоў.

Першая і галоўная цікавостка тура — гол, які галкіпер мінскіх "Крумкачоў" Яўген Касцюкевіч забіў ад варот да варот у матчы з ФК "Віцебск". Мінчане на той час прайгравалі 1:2. Пасля кур'ёзнага гола на табло ўсталявалася нічыя.

"Гуляў на выхадзе, убачыў у адрыве нападніка, — апісвае момант Яўген Касцюкевіч. — Убачыў, што брамнік [Віцебска] знаходзіцца ў пазіцыі, дзе ён рукамі гуляць не можа. Філановіч [форвард "Крумкачоў". — Еўрарадыё] застаўся адзін у адзін з абаронцам. Вырашыў "ляпнуць" наперад, тым больш, што гулялі па ветры, і "паляна" мокрая. Надзея была на памылку нейкую — нейкі кікс ці яшчэ што-небудзь. А атрымалася тое, што атрымалася. Якое-ніякае ачко і поўнае расчараванне для Гушчанкі [брамнік "Віцебска". — Еўрарадыё]. Але гэта няшчасны выпадак, нічога не зробіш. Няхай не хвалюецца, ад гэтага ніхто не застрахаваны".

Праз 20 хвілінаў пасля незвычайнага гола суддзя выдаліў Касцюкевіча за фол апошняй надзеі. У вароты "Крумкачоў" стаў Антон Шунто — малодшы брат кіраўніка клуба. І за 15 хвілінаў Шунто здолеў не прапусціць! А варатар "Віцебска" Зміцер Гушчанка ўсё ж засмуціўся — і пасля матча разбіў шкло ў дзвярах у падтрыбунным памяшканні.

Зусім па-іншаму складаўся матч "Дынама-Брэст" з ФК "Мінск". Яго вынік — 4:0, і тры з чатырох галоў абарона сталічнага клуба "прывезла" сама сабе. Што праўда, адзін рыкашэт запісалі на форварда дынамаўцаў Нівалда. Аўтагалы — на 14-й і на 45-й хвілінах:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі