Куба Лібрэ: чаму кубінцы ўпершыню за 30 гадоў выйшлі пратэставаць

Сілавікі ў цывільным затрымліваюць пратэстоўцаў на Кубе / Reuters
Сілавікі ў цывільным затрымліваюць пратэстоўцаў на Кубе / Reuters

Упершыню за 30 гадоў тысячы кубінцаў выйшлі прыкладна ў дваццаці гарадах па ўсім востраве на масавыя антыўрадавыя мітынгі. "Далоў дыктатуру!", "Мы не баімся!" — крычаць дэманстранты на вуліцах. Міжволі ўзнікаюць паралелі з пратэстамі 2020 года ў Беларусі. Дарэчы, улады Кубы раней выказвалі салідарнасць з Аляксандрам Лукашэнкам. І гэта не адзіная  паралель з Беларуссю, якая ўзнікае, калі чытаеш пра кубінскія пратэсты.

Тысячы пратэстоўцаў у Гаване і іншых гарадах патрабуюць свабоды, дэмакратыі і больш рашучых дзеянняў уладаў па барацьбе з пандэміяй каранавіруса. Кубінцы абураныя дэфіцытам электраэнергіі і прадуктаў харчавання.

Куба Либре: почему кубинцы впервые за 30 лет вышли протестовать
Сілавікі ў цывільным і прыхільнікі дзейнай улады ўзброеныя палкамі для барацьбы з пратэстоўцамі / Reuters

Улады жорстка душаць пратэсты. Сталіцу ўзялі пад кантроль вайскоўцы і паліцэйскія. Таксама былі арганізаваны "дружыны" з прыхільнікаў дзейнай улады, ім дазваляюць ужываць гвалт супраць пратэстоўцаў. Людзей, якія выйшлі на пратэст, збівалі ў час затрыманняў. Толькі ў Гаване былі затрыманыя не менш за 100 чалавек. Быў часткова адключаны інтэрнэт, каб перашкаджаць самаарганізацыі людзей праз сацсеткі.

Што адбылося? Чаму раптам цярпенню кубінцаў прыйшоў канец? Аказалася, што на гэта ёсць некалькі прычын.

Куба Либре: почему кубинцы впервые за 30 лет вышли протестовать
Пратэсты на Кубе ахапілі некалькі дзясяткаў гарадоў па ўсёй краіне / Reuters

Каранакрызіс

Першыя месяцы пандэміі Куба кантралявала сітуацыю з распаўсюджваннем каранавіруса, але ў апошнія некалькі тыдняў у краіне адбылася паўторная ўспышка масавых заражэнняў.

Цяпер Куба займае адно з першых месцаў у Лацінскай Амерыцы з найбольшай колькасцю зарэгістраваных выпадкаў каранавіруса ў параўнанні з колькасцю насельніцтва. Гэта ўсё прывяло да перапоўненасці многіх медыцынскіх цэнтраў.

Толькі 11 ліпеня на Кубе афіцыйна зарэгістравана 6750 новых выпадкаў заражэння COVID-19 і 31 смерць. Пры гэтым апазіцыя заяўляе, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі. Знаёма, ці не праўда?

Ёсць праблемы і з вакцынацыяй. Куба не закупляла замежных вакцын — таму што сама распрацоўвае пяць уласных. Праўда, пакуль да ўжывання ўхваленая толькі адна з іх. Цалкам вакцынаваны каля 15% насельніцтва.

Куба Либре: почему кубинцы впервые за 30 лет вышли протестовать
Улады жорстка душаць пратэсты. Сталіцу ўзялі пад кантроль вайскоўцы і паліцэйскія. Таксама былі арганізаваны "дружыны" з прыхільнікаў дзейнай улады, ім дазваляюць ужываць гвалт супраць пратэстоўцаў / Reuters

Эканамічная стагнацыя

Турызм — адзін з галоўных рухавікоў кубінскай эканомікі — стаўся паралізаваны. Праз пандэмію COVID на "Востраў Свабоды" перасталі прыязджаць турысты. А гэта прывяло да дэфіцыту валюты, якая паступае ў краіну. Пачаўся рост інфляцыі. На востраве раз-пораз адключалі электрычнасць. З'явілася нястача ежы, медыкаментаў і іншых прадуктаў.

"Фактычна спускавым кручком для цяперашняй сітуацыі, здаецца, ёсць сумесь сур'ёзнасці сітуацыі з каранавірусам і эканамічных захадаў, зробленых урадам, якія зрабілі жыццё на Кубе ўсё больш складаным",піша BBC.

У адказ на эканамічныя праблемы ўрад прапанаваў новы пакет эканамічных рэформаў, якія адначасова прывялі да павышэння заработнай платы і да хуткага росту цэн. Па ўказе ўрада ў краіне былі створаны "валютныя крамы", дзе за замежную валюту прадаюцца ежа і прадметы першай неабходнасці. Але праз тое, што турыстаў практычна няма, — замежнай валюты на руках у насельніцтва вельмі мала. У аптэках і лякарнях з'явіўся дэфіцыт асноўных лекаў: зніклі аспірын і пеніцылін.

Куба Либре: почему кубинцы впервые за 30 лет вышли протестовать
У час пратэстаў на Кубе затрыманыя некалькі сотняў чалавек / Reuters

"Паводле звестак кубінскага нацыянальнага статыстычнага агенцтва, за першыя пяць месяцаў 2021 года колькасць міжнародных падарожнікаў на Кубу ўпала амаль на 90 адсоткаў у параўнанні з тым самым перыядам 2020 года. Цэны на тавары рэзка выраслі: інфляцыя ўзляцела прыкладна на 500 адсоткаў і працягвае расці", расказаў The New York Times прафесар эканомікі, былы эканаміст кубінскага Нацбанка Павел Відаль Алехандра.

Пры ўсім гэтым кубінскі ўрад тлумачыць цяперашнюю эканамічную сітуацыю ўведзеным з боку ЗША эмбарга. Кіраўнік Кубы Дыяс-Канель запэўніў, што гэта асноўная праблема, якая пагражае здароўю і развіццю народа.

Куба Либре: почему кубинцы впервые за 30 лет вышли протестовать
Некалькі тысяч чалавек выйшлі на пратэсты толькі ў сталіцы Кубы — Гаване / Reuters

Самаарганізацыя праз сацсеткі — рухавік новага кубінскага пратэсту

Гэта першыя буйныя пратэсты ў краіне з 1994 года. Тады дэманстрацыі праходзілі толькі ў сталіцы краіны — Гаване, у іх удзельнічалі некалькі сотняў чалавек, якіх хутка разагналі. Многія кубінцы ў іншых правінцыях нават не ведалі, што адбылося ў сталіцы. Пасля пратэстаў кіраўнік Кубы Фідэль Кастра заявіў, што ўсе ахвотныя могуць пакінуць краіну. За некалькі тыдняў дзясяткі тысяч кубінцаў пакінулі радзіму. Толькі амерыканская берагавая ахова затрымала каля 31 тысячы кубінцаў.

Але цяпер сітуацыя зусім іншая. У людзей з'явіўся доступ да інтэрнэту. Значная частка насельніцтва, у асноўным моладзь, сядзіць у сацсетках, дзе актыўна выказвае незадаволенасць дзеяннямі ўрада. Даходзіць да таго, што ўладам даводзіцца адказваць у дзяржСМІ на тое, што кубінцы пішуць у сацсетках. У інтэрнэце былі створаны незалежныя кубінскія медыя, якія асвятляюць тэмы, што звычайна не закранаюць у афіцыйных СМІ.

У адказ на актывізацыю пратэсту і самаарганізацыю людзей праз сацыяльныя сеткі — урад Кубы заявіў, што гэта ўсё выкарыстоўваецца "ворагамі рэвалюцыі" для стварэння "стратэгій дэстабілізацыі" па інструкцыях ЦРУ. І тут беларусы адчулі дэжавю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі