Вы тут

Крыж і "карона": як цэрквы дапамагаюць (?) уладам у барацьбе з пандэміяй

Мітрапаліт Павел падчас акраплення святой вадой Мінска супраць каранавіруса / Church.by

Малітва, святая вада, кагор і ладан — вось і ўвесь арсенал праваслаўных святароў, якія кінулі выклік каранавіруснай інфекцыі. Расказваем, як яны выкарыстоўваюць гэтыя інструменты ў Беларусі, Грузіі, Малдове, Расіі і Украіне.
 

Беларусь: прыляціць да нас святар у блакітным верталёце

23 сакавіка беларускія святары абляцелі Мінск на верталёце, каб акрапіць горад святой вадой. Журналісты "Еўрарадыё" ўстанавілі, на чым менавіта ляталі святары — на верталёце МІ-2 аэраклуба ДТСААФ, — і даведаліся прыблізны кошт палёту — 1600 рублёў (каля 600 долараў) за гадзіну.

"Усё было афіцыйна, — сказаў "Еўрарадыё" начальнік аэраклуба Мікалай Мачанскі. — Дазвол атрымлівалі на палёт над горадам праз мэра. Палёт быў на платнай аснове. Усё айцец Фёдар кампенсаваў — аэраклубу страты няма ніякай".

Палёт адбыўся пасля набажэнства ў адным з храмаў Мінска. "Паніка, выкліканая распаўсюджваннем каранавіруса, прытупляе розум. Ён прынёс збянтэжанасць у сэрцы людзей, але для праўдзівых вернікаў не страшны. Хочацца пажадаць, каб Гасподзь умацаваў у нас веру і дапамог годна пераадолець выпрабаванне", — сказаў у сваёй пропаведзі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. 21 сакавіка ў Мінску ў касцёле святых Сымона і Алены адбылася супольная малітва прадстаўнікоў розных рэлігійных канфесій.

Тым часам міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік раіць вернікам устрымацца ад цалавання ікон і крыжоў у перыяд пандэміі каранавіруса. Паводле яго слоў, месяц таму міністэрства адправіла ліст кіраўнікам беларускіх цэркваў, у якім звярталася ўвага на магчымасць распаўсюджвання віруса ў цэрквах. Па словах міністра, "ліст быў прыняты да ведама".

Прадстаўнікі рэлігійных канфесій падчас супольнай малітвы ў Мінску / catholic.by

Украіна: службы "па аддаленай сувязі"

На службах Праваслаўнай царквы Украіны будуць прысутнічаць толькі святары і пеўчыя, свецкія ж змогуць прыняць удзел "па аддаленай сувязі". Сінод заклікаў епіскапат, духавенства і паству "з уважлівасцю і разуменнем" ставіцца да патрабаванняў, якія агучвае дзяржава ў сувязі з увядзеннем у краіне каранціну.

Але з гэтым відавочна не згодная Кіева-Пячэрская лаўра, у якой праводзіць набажэнствы Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Тут вернікаў заклікаюць ігнараваць каранцін: "Старое пакаленне або маладое — усе спяшайцеся ў храм, абдыміце адно аднаго", — так гучыць адзін з заклікаў.

"Страшная не эпідэмія віруса, а грэх, які губіць душу", — сцвярджаюць у Лаўры і заклікаюць вернікаў прычашчацца і прычашчаць дзяцей.

А Украінская грэка-каталіцкая царква заявіла, што гатовая, калі спатрэбіцца, ператварыць усе свае храмы ў бальніцы. "Калі спатрэбіцца, уся царкоўная прастора стане шпіталямі, дзе мы будзем разам з вамі ратаваць жыцці, — сказаў прадстаяцель УГКЦ Святаслаў, звяртаючыся да медыкаў. — Толькі вы навучыце нас, як гэта рабіць. Мы ўмеем хутка і добра вучыцца", — дадаў ён.

Аператар царкоўнага тэлебачання ў ахоўнай масцы транслюе анлайн-сэрвіс Украінскай грэка-каталіцкай царквы пасля таго, як мясцовыя ўлады наклалі абмежаванні на публічныя сходы ў якасці меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай хваробы (COVID-19) у саборы Уваскрэсення Хрыстовага ў Кіеве, 22 сакавіка 2020 года / Reuters

Грузія: царква супраць надзвычайнага становішча

Грузінская праваслаўная царква фактычна адмовілася выконваць патрабаванні Міністэрства аховы здароўя, даўшы дабро толькі на дэзынфекцыю храмаў, ды і то няпоўную. Сінод не пагадзіўся ўнесці змены ў абрад прычасця, які прадугледжвае выкарыстанне для ўсіх удзельнікаў гэтага таінства адной агульнай лыжкі. Таксама царква не разглядае часовае закрыццё храмаў — гэта значыць, па сутнасці, не падпарадкоўваецца рэжыму надзвычайнага становішча, якое ўлады ўвялі ў мінулыя выхадныя.

Рытуал прычасця можа стаць пагрозай масавага распаўсюджвання віруса, лічаць спецыялісты. "Рызыка вельмі высокая і гарантавана гэтая лыжка будзе перадатчыкам інфекцыі, — сказаў "Каўказскаму вузлу" мікрабіёлаг Аляксей Пацехін. — Тое ж можна сказаць пра іконы, якія цалуе мноства людзей. Серабро не з'яўляецца пратэктарам ні ў якай меры: у яго ёсць слабыя антыбактэрыйныя ўласцівасці, але супраць вірусаў серабро наогул не мае эфекту", — падкрэсліў ён.

Святары Грузінскай праваслаўнай царквы ездзяць па вуліцах, распыляючы святую ваду, каб абараніць насельніцтва ад каранавіруса, Тбілісі, 17 сакавіка 2020 года / Reuters

Малдова: пад пагрозай здароўе вернікаў і не толькі іх

У разгар эпідэміі група малдаўскіх паломнікаў вырашыла наведаць манастыр ва Украіне. Вынікам гэтай паездкі сталі 8 новых выпадкаў каранавіруса. Умовы надзвычайнага становішча, абвешчанага ў Малдове яшчэ 17 сакавіка, прадугледжваюць у тым ліку прыпыненне набажэнстваў у цэрквах. Але ў мінулыя выхадныя гэта патрабаванне ўладаў парушылі 300 цэркваў. Прэм'ер-міністр Малдовы паспрабаваў дамагчыся кампрамісу і прапанаваў праводзіць царкоўныя службы пад адкрытым небам і з захаваннем дыстанцыі паміж наведвальнікамі.

Але гэтая прапанова абурыла грамадскасць, а прадстаўнікі малдаўскіх няўрадавых арганізацый напісалі адкрыты ліст прэм'ер-міністру Іону Кіку. У ім адзначаецца, што дазвол праводзіць службы на адкрытым паветры супярэчыць іншым указанням прэм'ера і ў першую чаргу — закліку заставацца дома і захоўваць сацыяльную дыстанцыю. "Здароўе вернікаў пад пагрозай", — перакананыя аўтары ліста, якія асобна адзначаюць, што зусім няважна, дзе менавіта пройдзе служба, калі ўсе яе наведвальнікі прычашчаюцца з агульнай лыжкі.
 

Расія: зацвердзілі малітву

Расійская патрыярхія выставіла супраць інфекцыі новую малітву. Слова "каранавірус" у ёй не згадваецца, але напісана і прымеркавана яна спецыяльна да пандэміі. "Прэм'ера" малітвы адбылася 22 сакавіка на набажэнстве, якое вёў патрыярх Кірыл. Чакаецца, што цяпер яе будуць чытаць ва ўсіх храмах РПЦ.

Яшчэ да гэтага расійскія святары абяцалі рэгулярна праводзіць хросныя ходы. Расійская праваслаўная царква не бачыць у гэтым супярэчнасці з супрацьэпідэмічнымі мерапрыемствамі, прынятымі свецкімі ўладамі. Яна не стала адмяняць набажэнствы або закрываць святыні, але некаторыя прафілактычныя меры ў цэрквах усё-ткі прыняла: так, на службах не будуць даваць цалаваць крыж, а для саборавання будуць выкарыстоўваць ватныя палачкі.

Дзіяна Петрыяшвілі, “Медиасеть”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.