Вы тут

Крысціна Ціманоўская плануе змяніць грамадзянства, каб выступаць за Польшчу

Крысціна Ціманоўская​ / Еўрарадыё

Беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская заявіла, што плануе змяніць спартыўнае грамадзянства на польскае.

"Мы цяпер будзем спрабаваць памяняць спартыўнае грамадзянства, каб я магла выступаць за зборную Польшчы", распавяла яна ў інтэрв'ю РБК.

Спартсменка нагадала, што абавязковай умовай пры змене спартыўнага грамадзянства з'яўляецца каранцін, які звычайна доўжыцца тры гады. "Але мы будзем прасіць, каб для мяне яго скарацілі", адзначыла яна.

Паводле яе слоў, яна не планавала мяняць грамадзянства, "але так склалася сітуацыя, гэта вымушаная мера".

У Ціманоўскай пыталіся і пра Беларусь. Яна адказала, што Беларусь застаецца яе домам, і яна мае намер "вяртацца туды зноў і зноў", але прыехаць на радзіму яна гатовая, толькі калі будзе ўпэўненая ў сваёй бяспецы.

Крысціна Ціманоўская апынулася ў Польшчы пасля інцыдэнту на Алімпіядзе ў Токіа. Гісторыя пачалася з таго, што ў двух беларускіх бягух, якія павінны былі бегчы эстафету 4*400м, не аказалася дастатковай колькасці допінг-пробаў, і іх не дапусцілі да спаборніцтваў. Спартыўныя функцыянеры вырашылі выставіць на старт Ціманоўскую. Але яна бегае толькі кароткія дыстанцыі ў 100 і 200 м, пра што спартсменка даволі эмацыйна нагадала начальнікам у сацсетках. Пасля чаго спартыўныя функцыянеры вырашылі датэрмінова адправіць яе дадому. Ціманоўскай ва ўльтыматыўнай форме сказалі збіраць рэчы і ехаць у аэрапорт. Там спартсменка звярнулася па дапамогу да паліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.