Вы тут

Крысціна Ціманоўская паспяхова паўдзельнічала ў турніры ў польскім Шчэціне

Крысціна Ціманоўская перад адным з забегаў / Скрыншот з відэа Tvp Sport

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская паспяхова паўдзельнічала ў турніры ў польскім Шчэціне. На дыстанцыях 100 і 200 метраў яна была трэцяй, а ў выніку ў спрынтарскім двухбор'і — другой. У пратаколе пазначана, што спартсменка выступала пад беларускім сцягам. Аднак Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі, асвятляючы ўдзел беларусаў у турніры, Ціманоўскую "не заўважыла".

Ціманоўская набыла сусветную вядомасць падчас Алімпіяды ў Токіа. За крытыку беларускіх спартыўных чыноўнікаў і трэнераў яе адхілілі ад удзелу ў Гульнях і датэрмінова адпраўлялі на радзіму. Крысціна Ціманоўская папрасіла падтрымкі ў Міжнароднага алімпійскага камітэта, які праводзіць расследаванне. Сама спартсменка атрымала гуманітарную візу і знаходзіцца ў Польшчы.

Яе ўдзел у турніры ў Шчэціне быў першым пасля Алімпіяды. "Было важна толькі вярнуцца і бегчы, — казала Ціманоўская журналістам пасля забегаў. — Але гэта было нялёгка, таму што я не трэніравалася тры тыдні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.