Крымінальную справу палітвязня Іллі Шапаткоўскага неўзабаве перададуць у суд

Ілля Шапаткоўскі / TUT.by​
Ілля Шапаткоўскі / TUT.by​

Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязня Іллі Шапаткоўскага. Аднаго з кіраўнікоў ініцыятывы "Сумленныя людзі" ўтрымліваюць за кратамі з 4 жніўня 2020 года. Па версіі СК, ён кіраваў "экстрэмісцкай платформай" і "адказваў за дэструктыўную інфармацыйную павестку, размяшчаючы медыяматэрыялы, накіраваныя выключна на нанясенне шкоды рэпутацыі дзяржаўных органаў, праваахоўнага блока і прадстаўнікоў улады". Нібыта ў Шапатоўскага была мэта "закласці зерне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве".

"Асцярожнічаючы, не ўступаў у прамую змову па захопу ўлады, ён актыўна падзяляў ідэі злачынных фарміраванняў і спрыяў ім у дасягненні намечаных мэтаў шляхам забеспячэння інфармацыйнага суправаджэння, культываваў і прапагандаваў у грамадстве пратэстныя настроі, тым самым дзяліў беларусаў на "сваіх" і "чужых" па прынцыпе іх стаўлення да дзеючай улады", — піша Следчы камітэт РБ.

Іллі Шапаткоўскаму ў выніку выставілі абвінавачванне па артыкуле "іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 1 арт. 357 КК). Раней яго абвінавачвалі ў "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады".

Крымінальную справу Галоўнае следчае ўпраўленне СК перадало пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі