Крэветачнікі страйкавалі, пакуль крэветка не “падрасла”

31 ліпеня напружанае становішча стварылася на прадпрыемстве па перапрацоўцы крэветак - СП "Трансоэкспресс", што месціцца ў горадзе Бяроза. Прыблізна палова супрацоўнікаў адмовіліся прыступіць да працы. Незадаволенасць крэветачнікаў была выкліканая тым, што на перапрацоўку паступіла занадта дробная крэветка, праз што значна зніжаецца прадукцыйнасць працы. Калі сыравіна якасная, за змену на прадпрыемстве паспяваюць перапрацаваць каля 6 кілаграмаў дэлікатэснай прадукцыі. Драбнейшая сыравіна перапрацоўваецца ў 3 разы марудней – не больш за 2 кілаграмы за змену.

Пры здзельнай аплаце гэта вельмі істотна ўплывае на заробкі людзей, занятых манатоннай ручной працай. Па словах працаўнікоў цэха, штомесячная зарплата ў СП "Трансоэкспресс", дзе працуюць 150 чалавек, складае ў сярэднім каля 220 тысяч рублёў.

Пасля таго як крэветачнікі выказалі свой пратэст, на перапрацоўку ў цэх паступіла партыя буйнейшай крэветкі.