Крэмль адмаўляе, што Пуцін прапаноўваў Лукашэнку стварыць "звышдзяржаву"

Крэмль адмаўляе, што Пуцін прапаноўваў Лукашэнку стварыць "звышдзяржаву"

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў абверг інфармацыю, быццам расійскі кіраўнік прапаноўваў Аляксандру Лукашэнка стварыць "звышдзяржаву", аб'яднаўшы Беларусь і Расію. Звесткі пра такую прапанову абнародавала агенцтва Bloomberg.

"Не. Гэта не так. Казалі аб паглыбленні інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы", — прыводзіць РІА "Новости" словы Пяскова.

Агенцтва Bloomberg яшчэ ўвесну 2019 года пісала са спасылкай на ўласныя крыніцы, быццам у Крамлі распрацоўваюць некалькі варыянтаў пакінуць Пуціна ва ўладзе пасля 2024 года. Паводле аднаго са сцэнароў, мусіла адбыцца аб'яднанне Беларусі і Расіі ў новую дзяржаву, якую ўзначаліць Пуцін. Гэты ж сцэнар неаднаразова агучвалі і беларускія аналітыкі. 

Паглыбленне інтэграцыі Беларусі і Расіі мусіла абмяркоўвацца падчас сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна, якія адбыліся напрыканцы 2019 і на пачатку 2020 года. Апошняя такая сустрэча прайшла 7 лютага. Адной з цэнтральных тэмаў на ёй стала пытанне пра пастаўкі расійскіх нафты і газу ў Беларусь. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі