Крэдыт на жыллё дадуць пры заробку ў 24 мільёны!

Чарговы банк — "БПС-Ашчадбанк" — адмяніў выдачу крэдытаў на жыллё. Раней тут давалі пазыку пад 30,5%. Да гэтага на аналагічны крок пайшоў банк "БелВЭБ", а "Белінвестбанк" і "Беларусбанк" адмянілі льготнае крэдытаванне пад 14% і 16%.



Цяпер з “Беларусбанкам” можна набыць кватэру толькі пад 28,5% гадавых. Бяром сярэдні кошт кватэры — 60 тысяч долараў, ці 544 мільёны рублёў. З іх банк дасць толькі 75% (405 мільёнаў) ад кошту жылля, але і так крэдыт непад’ёмны. 



“Каб атрымаць крэдыт на 405 мільёнаў, трэба, каб ваш чысты заробак ці сукупны даход вашай сям’і складаў 23,7 мільёна рублёў у месяц”, — кажуць у "Беларусбанку". Пры гэтым першы ўнёсак трэба будзе аддаць каля 12 мільёнаў, з іх — 9 мільёнаў за пазыку.

 

Амаль 90% ад кошту кватэры пракрэдытуюць у "Белаграпрамбанку". Тут стаўка пакуль як і ў "Беларусбанку" — 28,5%, але з 19 верасня павысіцца на 10%. Максімум, што могуць даць, — 500 мільёнаў. 

 

"Для таго, каб крэдытавацца на 500 мільёнаў, вам трэба мець даход не меней за 32 мільёны рублёў”, — кансультуюць у банку. 



Самы дарагі крэдыт на жыллё — ад "Франсабанка". Даюць крэдыт пад 50% гадавых, але фінансуюць толькі 70% ад кошту жылля. Пытаюся пра тое, колькі трэба зарабляць, каб крэдытавацца пад 60 тысяч долараў. 

 

“Каб атрымаць крэдыт на 544 мільёны (кошт аднапакаёўкі. — заўв. Еўрарадыё), вам трэба мець даход ці сукупны даход з мужам у 48,5 мільёна. Першы плацеж па крэдыце складзе 25 мільёнаў, з іх сума па працэнтах — 22 мільёны”, — кансультуюць у "Франсабанку". 



Заўважаю, што многія банкі пачалі проста адмаўляцца ад доўгатэрміновых крэдытаў на жыллё ці павышаць стаўкі за пазыку. 

 

З “Белгазпрамбанкам” кватэру можна набыць пад 34,5%, але з “Прыёрбанкам” — за крэдыт пад 44,5% гадавых, хаця яшчэ нядаўна тут давалі пад 39%.

 

Калі вернуцца крэдыты для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, пад 16%, да прыкладу ў “Беларусбанку”, пытаемся ў Надзеі Ермаковай. 

“Пры кошце рэсурсаў па ўкладах ужо да 40% даходзяць па ўкладах, банк не можа выдаваць крэдыты пад 16%. І прыпыніў гэтую выдачу часова! Як толькі стануць таннейшыя рэсурсы — банк адновіць выдачу такіх крэдытаў. Паводле заканадаўства, банк не можа працаваць сабе ў страту, — адказвае галоўны банкір краіны. — Падставы для вяртання ёсць. Будзе працаваць наша эканоміка лепей, будзе болей грошай, больш валюты ў краіне — будзе яе прадаваць, народ не пабяжыць ў абменнікі, не трэба будзе банку падымаць стаўкі па дэпазітах…”.



Між тым ні ў самім “Беларусбанку”, ні ў іншых банках ніякай інфармацыі пра тое, калі стаўкі па крэдытах знізяцца ці вернуцца крэдытныя лініі ў банках, не маюць.