Крэатыў апазіцыі на выбарах абмяжуецца ўлёткамі і плакатамі?

Еўрарадыё даведалася, якім крэатывам плануюць здзівіць выбаршчыкаў падчас прэзідэнцкай кампаніі патэнцыйныя кандыдаты ад апазіцыі.
Днямі адзін з беларускіх турыстаў вывесіў у інтэрнэце здымак білборда з Аляксандрам Мілінкевічам, які стаіць на беларуска-украінскай мяжы. У размове з Еўрарадыё намеснік лідэра руху “За свабоду” Віктар Карняенка расказаў, што гэта была ініцыятыва прыхільнікаў Мілінкевіча “з таго боку”. Яны выбралі месца ўстаноўкі, арэндавалі і аплацілі білборд. А вось што тычыцца ўласных прапаноў, то піар-кампанія прэтэндэнта ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча будзе стандартнай.

Віктар Карняенка: “Калі пачнуцца выбары, то вельмі стандарная кампанія будзе — два ці некалькі выступаў па тэлебачанні ў рэжыме “гаварачай галавы”. Тыя самыя ўлёткі, пікеты ды ўсё астатняе”.



А вось што тычыцца крэатыва, то Карняенка паабяцаў, што усё ж “тое сёе будзе”. І ў якасці прыклада таго, што ў гэтым накірунку нешта робіцца, узгадаў ролік пра тое, як Мілінкевіч глядзеў у кавярні матч чэмпіянату свету па футболе.

Віталь Рымашэўскі лічыць, што ўсе сродкі трэба ўкладаць не ў дарагія білборды, а ў працу з людзьмі. Таму чакаць ад яго шыкоўнай вонкавай рэкламы не даводзіцца. Праўда, паабяцаў, што будуць выкладаць нейкія ролікі ў інтэрнэт. Але і тут наўрад ці будзе крэатыў. Да прыкладу, сустрэчы з Папам Рымскім не плануецца.

Віталь Рымашэўскі: “З верасня мы пачнем нашу кампанію. У тым ліку будзем выкарыстоўваць ролікі ў інтэрнэце і аўдыёзапісы. А вось білборды ва ўмовах Беларусі —
гэта пакуль што для нас нерэальна і такіх сродкаў, каб размясціць іх на мяжы, мы не маем. Але маем сродкі на тое, каб працаваць з людзьмі, каб іх пераконваць. Каб яны даносілі інфармацыю, у тым ліку пра мяне да выбаршчыкаў. І распаўсюд інфармацыі, распаўсюд газет, рэкламных улётак”.

Не супраць “выкарыстаць” у сваёй кампаніі Рымашэўскі і жонку Насту. Калі яна сама захоча паўдзельнічаць. Прынамсі, сам Рымашэўскі лічыць, што першая ледзі з яе атрымаецца на зайздрасць усім іншым прэзідэнтам.

У адрозненне ад свайго калегі з БХД, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук сродкі, відаць, мае. Таму плакаты з Раманчуком на мяжы будуць. Прычым, не толькі украінскай. І атака на інтэрнэт-карыстальнікаў запланаваная маштабная.

Яраслаў Раманчук: “Мы ўжо запланавалі 10 відэа-ролікаў, якія будзем запускаць праз інтэрнэт, я ўжо даўно вяду відэа-блог на сайце майго цэнтра. Будуць актыўныя кампаніі ў прэсе. А таксама плануем, каб плакаты і постары са слоганам былі на межах з Польшчай, Літвой, Расеяй”.

У траўні Раманчук едзіў на канцэрт AC/DC у Варшаву. І зараз шкадуе, што не запісаў там відэа з сабой і Ангусам Янгам у галоўных ролях. Каб можна было скарыстаць падчас выбарчай кампаніі. Затое, кажа, на бліжэйшы час у яго запланаваныя выступ у Кангрэсе ЗША, сустрэча з лідэрамі еўрапейскіх банкаў у Аўстрыі, з вядучымі прадпрымальнікамі і палітыкамі Нямеччыны, запаланаваная і паездка ў Маскву напрыканцы жніўня. Паўсюль Раманчук плануе зрабіць відэа і выкладаць потым гэтую “нарэзку” ў інтэрнэт.

Што тычыцца сваёй абраніцы Алесі, то Раманчук і раней казаў Еўрарадыё, што ўдзельнічаць у яго выбарчай кампаніі яна будзе толькі пры наяўнасці ўласнага жадання і вольнага часу. Яна чалавек заняты — эканаміст, мае адказную працу.

Задумваецца пра білборды і Алесь Міхалевіч. Што ж тычыцца крэатыва, то, на яго думку, ім з’ўляецца его аўтарская праграма на адным з інтэрнэт-радыё пра… Кітай.

Алесь Міхалевіч: “Я пачаў выкладаць сваю аўтарскую праграму на адным з інтэрнэт-радыё. Гэта будзе праграма, прысвечаная Кітаю. Гэта аўдыё-праграма, але таксама збіраюся рабіць і відэа ролікі. Гэта выбарчая кампанія цікавая тым, што можна будзе ствараць уласныя выбарчыя фонды. Гэта справа для Беларусі новая. Мы таксама будзем працаваць у галіне выкупа білбордаў і вонкавай рэкламы”.

Не будзе да сваёй кампаніі Міхалевіч далучаць жонку. Прычым — прынцыпова. Кажа, сям’я павінна заставацца па-за выбарчай кампаніяй.

Што з сябе будзе ўяўляць кампанія намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, ён пакуль не ведае. Кажа, над гэтым зараз працуе спецыяльная група піяршчыкаў.

Рыгор Кастусёў: “Мы выпрацавалі агульны накірунак, а што яны панапрыдумваюць — я не ўмешваюся. І калі будзе гатова ідэя, і будуць гатовыя прапановы, вось тады я даведаюся канчаткова і сам”.

Праўда, прызнаўся, што бяздумна пагаджацца на ўсе прапановы не будзе. І калі яму прапануюць паўдзельнічаць, да прыкладу, у маршы феміністак, то адмовіцца. А всоь выкарыстаць у сваёй кампаніі сям’ю, жонку, дзяцей і ўнукаў, зусім не супраць.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі