Крамы на Крашчаціку: Пакупнікоў няма, людзі баяцца ехаць у цэнтр

На кіеўскім Крашчаціку сезон зніжак. Вітрыны буцікоў крычаць: мінус 50%, 70% і нават 90% ад пачатковага кошту на самыя розныя тавары. Але ўнутры — пуста.

“А вы паглядзіце самі (паказвае на бязлюдныя залы крамы, запоўненыя яркай вопраткай), як думаеце, задаволеныя мы рэвалюцыяй, альбо не?”, — са злосцю ў голасе гаворыць мне кансультант з крамы RESERVED.

Яму каля трыццаці, мой равеснік. І па ўсіх параметрах, кансультант гэтай крамы павінен рэвалюцыі радавацца. Толькі-толькі стала вядома пра адстаўку Азарава, увесь Майдан радасна спявае. Але ад свайго суразмоўцы чую толькі расчараванне. Адміністратарка крамы таксама наракае на адсутнасць пакупнікоў. Кажа, што праблем з дэманстрантамі няма, з бітамі на вітрыны ніхто не кідаецца. Але пакупнікоў мала, прыбыткі ўпалі, а рэвалюцыя за больш чым два месяцы паспела надакучыць.

“З аднаго боку, мы падзяляем усе гэтыя погляды. А з іншага, хочацца, каб усё як мага хутчэй скончылася. Надакучыла нам гэтая рэвалюцыя”.

Крамы і кавярні насамрэч мала церпяць ад рэвалюцыі фізічна — з усіх ахопленых Майданам плошчаў Кіева, не працуюць яны толькі на Грушэўскага. Крашчацік хоць і закрыты для руху аўто ды наглуха забарыкадаваны з усіх бакоў і пад’ездаў, але ўсе крамы, кавярні і нават метро працуюць спраўна. Ніхто не б’е вокнаў, не рабуе. Ад рэвалюцыі пацярпела толькі адна ўстанова — на Грушэўскага часткова згарэла кавярня.

Шматлікія бары і страўні нават у плюсе — наведвальнікаў процьма ад раніцы да позняга вечара. Дэманстранты заходзяць туды пагрэцца, перакусіць і проста адпачыць. Нават у McDonalds пастаянныя чэргі, а некаторыя бары падстройваюцца пад інтарэсы. Нават піва “Майдан” з’явілася.

А вось уласнікі крамаў у роспачы. Пакупнікі да цэнтра горада амаль не даязджаюць, выбіраюць больш спакойныя для шопінгу кропкі. Ахоўнік ювелірнай крамы спачатку не хоча размаўляць з журналістам:

“Не, я не буду размаўляць з вамі. Толькі з дазволу кіраўніцтва… А пра што вы хочаце запытацца? Пра рэвалюцыю?”

Але калі даведваецца прадмет размовы, кажа і без дазволу начальства. Расказвае, што да сутычак на Грушэўскага пакупнікі яшчэ заходзілі ў краму, а цяпер перасталі — людзі баяцца. Кіраўніцтва ўзмацніла ахову крамы, усё ж гандлююць тут вельмі нятаннымі рэчамі, але пакупнікоў больш ад гэтага не стала.

“Дрэнна стала пасля пачатку ўсяго гэтага. Самі паглядзіце, дзе цяпер на Крашчаціку звычайныя людзі? Толькі калі хто з метро выходзіць. Да гэтага (да падзей на Грушэўскага, — Еўрарадыё) было нармальна больш-менш, хоць таксама менш людзей да нас заходзіла чым у мінулым годзе. Але пасля пачатку сутычак людзі баяцца заязджаць у цэнтр. Тут толькі пратэстуючыя. Вось вы падумайце, хто нармальны з грашыма паедзе па пакупкі сюды, калі тут такое робіцца?”

Ніхто. Таму ўладальнікі крамаў з Крашчаціка і іх супрацоўнікі чакаюць канца рэвалюцыі не менш за прэзідэнта Януковіча. А можа, і больш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі