У Магілёве краму па продажы дзяржаўнай сімволікі перарабілі ў сэканд-хэнд, паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.
Спярша гэта была кнігарня "Раніца" рагу вуліцы Першамайскай і праспекта Міра. Кнігарня праіснавала паўстагоддзя, але пасля банкруцтва прадпрыемства “Магілёўаблсаюздрук” была перапрафіляваная пад продаж дзяржаўнай сімволікі.
У 2021 годзе ўлады вырашылі, што ў кожным абласным цэнтры павінны быць спецкрамы па продажы дзяржсцягоў, гербаў ды іншай афіцыёзнай прадукцыі.
Але прадукцыя аказалася незапатрабаванай, і ў кастрычніку 2022-га агітацыйная крама зачынілася. Уся маёмасць былой “Раніцы” была перавезеная ў кнігарню “Світанак” на праспекце Міра каля Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А на месцы "агітацыйнай крамы" адчыніўся сэканд-хэнд.