Краіны Балтыі патрабуюць ад Беларусі патлумачыць вайсковую актыўнасць

Краіны Балтыі патрабуюць ад Беларусі патлумачыць вайсковую актыўнасць

Літва, Латвія і Эстонія даслалі Беларусі запыт, патрабуючы патлумачыць вайсковую актыўнасць на сваёй тэрыторыі і даць адказ у рамках Венскага дакумента АБСЕ.

Яны падкрэсліваюць, што ў пазачарговых ваенных вучэннях удзельнічаюць амаль цалкам Узброеныя сілы Беларусі. Пры гэтым дзяржавам — чальцам АБСЕ даюць вельмі абмежаваную інфармацыю. Напрыклад, няма інфармацыі ні пра дакладную колькасць войскаў, ні пра ўзбраенне, якое плануецца выкарыстоўваць, ні пра запланаваную дату вяртання расійскіх войскаў. У запыце адзначаецца, што такая празрыстасць прадугледжаная Венскім дакументам АБСЕ.

Гэты дакумент быў прыняты ў 2011 годзе і датычыць мер даверу ў рэгіёне АБСЕ. У прыватнасці, ён прадугледжвае, што краіны-ўдзельніцы будуць супрацоўнічаць адносна "любой незвычайнай і незапланаванай дзейнасці іх вайсковых сіл па-за месцамі іх звычайнай дыслакацыі ў мірны час"

У запыце краіны Балтыі нагадваюць, што Беларусь праігнаравала патрабаванне Латвіі арганізаваць двухбаковую інспекцыю вайсковых сіл у рамках мер па ўмацаванні даверу і бяспекі. Пры гэтым афіцыйны Мінск спаслаўся на імклівы рост захворвання на кавід.

Яны называюць пазітыўным крокам, што 9 лютага Беларусь даслала Літве і Латвіі запрашэнне назіраць за другой фазай вучэнняў. Але гэтыя меры не могуць замяніць паўнавартаснае выкананне Венскай дамовы. Краіны Балтыі заклікаюць Беларусь адкрыць вучэнні для назіральнікаў.

Беларусь павінна даць адказ на запыт на працягу 48 гадзін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі