Кожны чацвёрты бюджэтнік атрымлівае даплаты да мінімальнага заробку

Кожны чацвёрты бюджэтнік атрымлівае даплаты да мінімальнага заробку

Гаворка пра заробкі бюджэтнікаў ішла на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях 11 кастрычніка ў Мінску, паведамляе belchas.by.

Афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі звярнула ўвагу, што ў Беларусі работнікі бюджэтных арганізацыяў па стаўцы першага разраду не атрымліваюць заробак на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму. Паводле інфармацыі ФПБ, 27% работнікаў бюжэтных арганізацый атрымліваюць даплаты да мінімальнага заробку. Пераважна гэта абслуговы персанал: прыбіральшчыкі памяшканняў, кладаўшчыкі, гардэробшчыкі, санітаркі, малодшыя медсёстры, кухары ды інш.

Недапушчальнай назваў такую сітуацыю старшыня ФПБ Міхаіл Орда: "Чалавек адпрацаваў 22 дні па восем гадзін у тыдзень, і яму па сённяшніх тарыфах налічваюць заработную плату менш за "мінімалку". І такім людзям даводзіцца даплочваць да мінімальнага заробку, які складае 265 рублёў. Прычым дадзеная праблема тычыцца досыць вялікай колькасці занятых у бюджэтнай сферы. Гэтая сістэма трэба ў корані змяняць (я маю на ўвазе тарыфную сеткУ)". 

З ім пагадзіўся віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка: "Нас, натуральна, турбуе тое, што ёсць людзі, якія атрымліваюць зарплату ніжэй за мінімальную. І гэтае пытанне трэба "падцягнуць". Такое даручэнне ўжо дадзена прэм'ер-міністрам, і зараз яго адпрацоўваюць міністэрствы і ведамствы".

Было вырашана, што прапановы наконт аплаты працы бюджэтнікаў будуць адпрацаваныя да 23 кастрычніка. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі