Кожная пятая жанчына ў Беларусі даруе мужу, які яе б'е (інфаграфіка)

Кожная пятая жанчына ў Беларусі даруе мужу, які яе б'е (інфаграфіка)

Законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту рыхтуецца ў Беларусі. Пра гэта распавяла прадстаўніца фонду народанасельніцтва ААН Алена Касько:

"Найперш цяпер мы прасоўваем прыняцце закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Бо міжнародная практыка паказвае, што наяўнасць закона гарантуе устойлівасць намаганняў дзяржавы і грамадскіх арганізацый у рашэнні гэтай праблемы".

Цяпер праект закона дапрацоўваецца праваахоўнымі органамі пры ўдзеле экспертаў. У прадстаўніцтве ААН адзначаюць, што для Беларусі праблема хатняга гвалту вельмі актуальная. Па звестках фонду народанасельніцтва, каля 70% мужчын і жанчын сутыкаліся з эпізодамі хатняга гвалту: фізічнага, псіхалагічнага, эканамічнага і сексуальнага.

Псіхалагічнаму гвалту падвяргаюцца 76% жанчын, і 75% мужчын. Фізічнаму — 32% жанчын і 25% мужчын. Чым ніжэй узровень адукацыі ў жанчын, тым часцей яны ў сям’і становяцца ахвярамі. Сярод мужчын найчасцей ахвярамі становяцца малазабяспечаныя з сярэднеспецыяльнай адукацыяй. Дараваць хатні гвалт гатовыя 20% жанчын і мужчын. Столькі ж гатовыя адказаць на агрэсію агрэсіяй.

 

Кожная пятая жанчына ў Беларусі даруе мужу, які яе б'е (інфаграфіка)

"Страшна расказаць, што адбывалася дома. Думала, так усе жывуць"

Тры з чатырох беларусак церпяць ад хатняга гвалту. Як з гэтым змагацца, распавядаюць ахвяры, юрысты і псіхолагі.

Спыніць хатні гвалт дапамагае інфармацыйная падтрымка, адзначаюць эксперты з фонду народанасельніцтва ААН. А павялічэнне колькасці выпадкаў за апошні год кажа пра тое, што аб праблеме становіцца больш вядома.

Цяпер у шматлікіх краінах свету ў тым ліку і ў Беларусі праходзіць чытанне дакументальнай п'есы "Сем" шведскай рэжысёркі і сцэнарысткі Хеды Краус С'егрэн. Гэта гісторыі сямі жанчын з розных краін, якія змагаюцца за правы чалавека.

Першы паказ у Беларусі адбыўся ў лістападзе і тады п'есу чыталі чыноўнікі: намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына, памочнік Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаннях Кірыл Руды, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, МУС. Расказвае спецыяліст па камунікацыях фонду народанасельніцва Агнія Асановіч:

"П'еса створаная па падставе сямі інтерв'ю з рэальнымі жанчынамі-праваабаронцамі. Прадстаўленыя краіны, дзе цяжка бараніць свае правы: Пакістан, Камбоджа, Афганістан. Гісторыі трагічныя, але дастаткова паспяховыя. Ролі выконваюць публічныя асобы, лідары меркаванняў".

У Беларусі будуць яшчэ тры паказы п'есы, бліжэйшы публічны пройдзе 4 красавіка на сцэне Купалаўскага тэатра. П'есу прачытаюць Віталь Гуркоў, Юрый Зісер, Ганна Бонд, амбасадар Швецыі ў Беларусі ды іншыя, расказвае Алена Касько:

"У кожным паказе мы высвятляем мэтавую групу і мэту паказу. Першы паказ прыцягнуў увагу ўсіх дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца ў Беларусі праблемай хатняга гвалту".

Таксама кампанію супраць хатняга гвалту падтрымалі і публічна выказалі сваю пазіцыю музыкант Лявон Вольскі, гімнастка Меліта Станюта, фрыстайліст Антон Кушнір ды многія іншыя вядомыя асобы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі