Консульства Аўстрыі: “Акрамя праверкі пашпартоў, нічога не зменіцца”

Консульства Аўстрыі: “Акрамя праверкі пашпартоў, нічога не зменіцца”

Аўстрыя на сваіх межах уводзіць пагалоўны кантроль, а таксама будзе ўзмоцнена правяраць мігрантаў і высылаць тых, хто не мае права на прытулак. Пра гэта заявіў канцлер рэспублікі Вернер Файман у інтэрв’ю газеце Оsterreich.

“Як і Германія, мы будзем ўзмоцнена кантраляваць нашу мяжу і ажыццяўляць выправаджванне бежанцаў. Кожны, хто да нас прыязджае, мусіць патрапіць пад узмоцненую праверку”, — заявіў канцлер.

Прадстаўнік аўстрыйскага консульства ў Маскве тлумачыць, што для беларусаў, як і для расіянаў, з дзеючай шэнгенскай візай нічога не змяняецца.

“Замежны грамадзянін, які мае дзеючую шэнгенскую візу любой з краін пагаднення, можа падарожнічаць па ўсіх краінах шэнгенскай зоны. Нічога не змянілася. Адзіная розніца на мяжы вас сустрэне пашпартны кантроль”, — тлумачыць прадстаўнік консульства.

Колькі працягнецца такая сітуацыя на мяжы, прадстаўнік консульства адказаць не змог.

Консульства Аўстрыі: “Акрамя праверкі пашпартоў, нічога не зменіцца”
Славенскі паліцэйскі спрабуе трымаць пад кантролем сітуацыю на мяжы з Аўстрыяй. Кастрычнік, 2015. Фота: AP/Darko Bandic

Нагадаем, з верасня мінулага года ўжо 8 дзяржаў Шэнгена ўвялі “часовы пашпартны кантроль” на сваіх межах у сувязі з беспрэцэдэнтным прытокам мігрантаў. Паводле ацэнак еўрапейскага пагранічнага агенцтва Frontex, у 2015 годзе ў ЕС прыехалі больш за 1,2 млн нелегальных мігрантаў.

Раней кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер заявіў, што Еўропа павінна выратаваць Шэнген ва ўмовах, калі ўсё большая колькасць краін уводзіць пагранічны кантроль.

“Я магу зразумець прычыны гэтых краін, у прыватнасці Швецыі, якая сутыкнулася з беспрэцэдэнтным (міграцыйным) цяжарам, які яна павінна несці. Аднак мы ўсе нясём адказнасць за захаванне вольнага перамяшчэння ў Еўропе. Мы павінны выратаваць Шэнген”, — кажа кіраўнік Еўракамісіі.

Тым часам у ЕС працягваецца арганізацыя наднацыянальнага памежнага агенцтва на базе дзеючага агенцтва па ахове межаў Frontex. Колькасць супрацоўнікаў новай структуры мусіць скласці 1,5 тысячы чалавек з розных краін ЕС.

У адрозненне ад Frontex новае памежнае агенцтва будзе мець уласныя сілавыя падраздзяленні ў падпарадкаванні Бруселя. Іх будуць размяшчаць на праблемных участках знешніх межаў Еўрасаюза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі