Консул Францыі ў Мінску: Усе, хто запытваў візы да Еўра-2016, атрымалі іх

Консул Францыі ў Мінску: Усе, хто запытваў візы да Еўра-2016, атрымалі іх

Усе, хто разлічваў на французскія шэнгенскія візы адмыслова да чэмпіянату Еўропы-2016, атрымалі іх. Пра гэта Еўрарадыё паведамляе консул Французскай рэспублікі ў Беларусі Карын Бардзье.

Яна звяртае ўвагу, што спрошчанай працэдуры атрымання візы спецыяльна да чэмпіянату пасольства не праводзіла.

Па словах дыпламата, колькасць заўзятараў сярод падаваўшых заяўкі на візу была “вельмі маленькая”. Імаверна таму, што наша зборная ў фінале Еўра не ўдзельнічае, або шмат хто з беларусаў ужо проста мае шэнген.

Наведаць Францыю падчас чэмпіянату можна і з любой іншай шэнгенскай візай, кажа Карын Бардзье. Але пры гэтым працягваюць дзейнічаць стандартныя ўмовы ўезду ў шэнгенскую прастору:

“Любы чалавек, які перасякае шэнгенскія краіны, мусіць мець доказы таго, як ён будзе жыць у Францыі: бронь у гасцініцы, страхоўкі, білеты на матчы, сродкі на жыццё. Але такія ўмовы дзейнічаюць не толькі для заўзятараў, яны для ўсіх”.

Дыпламат падкрэслівае, што доля адмоваў у французскім пасольстве ў Мінску вельмі нізкая — менша за 1%. А гэта нават меней, чым ва Украіне.

Напярэдадні ва Украіне французскае пасольства адмовіла бацькам 8-гадовага фаната са Львова Уладзіміра Бабенчыка ў выдачы візаў. Маленькі заўзятар з сям’ёй часта бываў на трэніроўках украінскай зборнай і наведваў матчы, якія ладзяцца за мяжой.

“Нягледзячы на наяўнасць квіткоў на Еўра-2016, папярэдніх “шэнгенаў”, квіткоў на самалёт у абодва бакі, забраніраваных гатэляў і неабходнай сумы грошай, мяне з мужам і сынам адмовіліся пускаць у Францыю з адпіскай: “Не даказаная мэта паездкі”. Консул вырашыў, што інфармацыя аб нашым знаходжанні ў краіне “не выглядае пераканаўчай”, — прыводзіць словы Мар’яны Бабенчык, маці хлопчыка ўкраінскае выданне “Еўрапейская праўда”.

Консул Францыі ў Мінску: Усе, хто запытваў візы да Еўра-2016, атрымалі іх
Уладзімір Бабенчык. Фота: lbc.com.ua

Выпадак выклікаў вялікі рэзананс у СМІ. МЗС Украіны нават накіраваў ноту ў пасольства Францыі. Пасля чаго 7 чэрвеня там заявілі, што сям’і Бабенчыкаў выдадуць візы.

Прадстаўніца французскай амбасады ва Украіне Жулі Фор заявіла, што “пераважная большасць візавых заявак для паездкі на Еўра-2016 задавальняецца, адмоваў толькі — 2%”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі