Колькі ўкраінцаў з Данбаса прыехала ў Беларусь, дакладна сказаць ніхто не можа

Беларусь прымае ў сябе грамадзян Украіны, жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей, якія ўцякаюць ад вайны з 2014 года. Колькі за гэты час украінцаў знайшлі ў нас прытулак?

“Ад пачатку канфлікту на ўсходзе Украіны каля 160 тысяч грамадзян гэтай краіны прыехала ў Беларусь”, ― кажа прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі Жан Іў Бушардзі ў эфіры АНТ.

Але дакладна такую ж лічбу называў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун на самым пачатку 2016 года. Па яго інфармацыі, каля 160 тысяч грамадзян Украіны прыехала ў Беларусь цягам 2014-2015 гадоў. І з таго часу іх колькасць не змянілася? Звяртаюся па ўдакладненні да Аляксея Бегуна.

“На 1 лістапада, пачынаючы з 1 студзеня 2016 года, маем такую лічбу: 17 тысяч новых грамадзян прыбылі на тэрыторыю нашай краіны. Была раней агульная лічба 160 тысяч, але ж яны катаюцца: нехта прыязджае, нехта з’язджае. Мы лічым толькі новых, а тыя, хто ўжо тут асеў ― той асеў. З гэтых 17 тысяч чалавек 2732 атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне”, ― кажа начальнік Дэпартамента па міграцыі.

Еўрарадыё: Колькі ўсяго ўкраінцаў атрымалі нейкі статус з 2014 года?

Аляксей Бягун: Мы не лічым. Навошта нам лічыць ― той год мы ўжо перажылі.

У выніку размовы з Аляксеем Бегуном я так і не разумею: 160 тысяч ― гэта колькасць грамадзян Украіны, якія хоць і прыехалі ў Беларусь, але пастаянна “катаюцца: нехта прыязджае, нехта з’язджае”, ці тыя, хто знайшоў тут працу і жытло і вырашыў пачаць у нашай краіне новае жыццё?

Неразуменне павялічваецца пасля вывучэння статыстычных звестак на сайце Белстат. Паводле іх дадзеных аб міжнароднай міграцыі, за 9 месяцаў 2016 года ў Беларусь з Украіны прыехала ўсяго… 4 203 чалавекі!

 

 

Звяртаюся па ўдакладненне ва Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў. Але дарадца па прававых пытаннях Цімафей Саладкоў можа назваць мне толькі адну канкрэтную лічбу: колькі украінцаў цягам трох апошніх гадоў атрымалі ў Беларусі статус уцекача. Такіх ― 1543 чалавекі.

Цімафей Саладкоў: Зразумела, грамадзян Украіны, якія да нас прыехалі, іх нашмат больш. Яны пражываюць альбо на падставе дазволу на пастаяннае пражыванне ― від на жыхарства яны атрымліваюць, альбо на падставе дазволу на часовае пражыванне. Тэрмінам на 1 год, якое потым працягваецца. Паўсюль фігуруе лічба, што з пачатку канфлікту на Данбасе дзесьці 160 тысяч грамадзян з той мясцовасці прыехала на тэрыторыю Беларусі.

Еўрарадыё: Але наколькі гэтая лічба рэальная?

Цімафей Саладкоў: Не ведаю. Да адзінак я вам ніколі не змагу сказаць. Набліжанай да рэчаіснасці будзе лічба колькасці украінцаў, якія стаяць тут на ўліку асоб, якія часова альбо пастаянна тут пражываюць. І гэтую лічбу можа даць толькі МУС і толькі ― па спецзапыце.

Яшчэ з перасяленцамі актыўна працуе Беларускі Чырвоны крыж. Але і там мне здольныя паведаміць толькі лічбу грамадзян Украіны, якім гэтая арганізацыя аказвае пастаянную ці разавую дапамогу. А гэта ― больш 40 тысяч чалавек па ўсёй Беларусі. У адказ на пытанне пра агульную колькасць грамадзян Украіны, якія прыехалі ў нашу краіну з моманту пачатку вайны на Данбасе чую: “У нас гэтыя дадзеныя ёсць, але агучыць іх вам мы не можам ― яны выключна для службовага карыстання”.

Запыт з просьбай паведаміць колькасць грамадзян Украіны, якія стаяць на ўліку асоб, якія часова альбо пастаянна пражываюць у Беларусі, у МУС РБ мы накіравалі. Але нават калі гэтыя лічбы нам і паведамяць, то яны ўсё адно не будуць канчатковымі, упэўнены Цімафей Саладкоў. Па яго словах, грамадзяне Украіны, у адпаведнасці з двухбаковым пагадненнем аб бязвізавых паездках паміж нашымі краінамі, маюць права цягам 30 дзён з моманту прыезду не рэгістравацца ў органах унутраных спраў, а цягам 90 дзён ― знаходзіцца ў Беларусі без атрымання дазволу на часовае пражыванне. А гэта азначае, што ў адказе з МУС на наш запыт такія людзі не будуць улічаныя.

Фота: Еўрарадыё