Колькі атрымлівае дзяржава з акцызаў на алкаголь і цыгарэты?

На гродзенскай тытунёвай фабрыцы “Нёман” адразу кажуць, што ініцыятыва Мінфіна рэзка павысіць акцызы на цыгарэты ў наступным годзе — для іх літаральна смерць.

“А па тым, што Мінфін робіць з акцызамі, дык гэта недапрацоўка ў гэтым плане. Узяты курс, каб зблізіць нізкі коштавы сегмент з дарагім. У гэтым выпадку айчынная прадукцыя будзе вымушана канкурыраваць з сусветнымі брэндамі. Гэта ў канчатковым выглядзе, нацыянальных брэндаў не застанецца”, — кажуць на тытунёвай фабрыцы.

У планава-эканамічным аддзеле фабрыкі кажуць, што ў кожным пачку цыгарэт амаль палова кошту — гэта акцыз.

“У цыгарэтах “сядзіць” каля 40% акцызу — гэта я вам сярэдні кошт кажу, астатняе — гэта выдаткі на выраб, сыравіну, а гэта вельмі вялікія выдаткі”, — кажуць у гродзенскай тытунёвай фабрыцы.

Няцяжка падлічыць, калі кошт пачкі цыгарэт 10 000 рублёў, дык амаль 4000 адразу ідзе на акцыз. Атрымліваецца, заядлы курэц, у якога сыходзіць пачак за дзень, у месяц аддае каля 120 тысяч толькі акцызаў! У год — 1 мільён 400 тысяч!

У стандартнай бутэльцы шампанскага 0,75 літра Мінскага завода ігрыстых він “сядзіць” 3 525 рублёў акцызу. Гэта прыкладна 13-14% ад адпускнога кошту бутэлькі шыпучага віна. На заводзе кажуць, што пасля Новага года акцыз падымецца згодна з заканадаўствам, а значыць вырасце і кошт бутэлькі шампанскага.

На “Слонімскім вінаробным заводзе” распавядаюць, што ў “чарніле” ад адпускнога кошту ў 16 000 рублёў за бутэльку 38,5% — толькі акцызаў! Астатняе — выдаткі на сыравіну, прыбытак завода.

“Прыбытак маленькі. А вось акцызаў у "пладоўцы" — 38,5%, у настойцы 40-градуснай — 66%. Але што ў “пладоўцы” — у гарэлцы да 80%!”.

Акцыз на гарэлку і сапраўды не маленькі — 70% ад кошту з паўлітра.

“Калі адпускны кошт пляшкі 30 тысяч, дык 20900 — гэта акцыз. Усе думаюць, што мы тут у шакаладзе, але насамрэч гэта не так. Нам на прыбытак амаль нічога не застаецца”, — скардзяцца на Гродзенскім лікёра-гарэлачным заводзе.

Падлічваем, што акцызу ў “чарніле” пры адпускным кошце бутэлькі 16 тысяч — сядзіць 6000 рублёў, у каньяку за 60 000 рублёў — 21 тысяча. Але болей за ўсё акцызаў у гарэлцы — з адпускнога кошту ў 30 000 рублёў (0,5 літра) у бюджэт ідзе адразу 20 тысяч рублёў.

Дарэчы, за студзень-ліпень 2013 года толькі з прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў рэспубліканскі бюджэт паступіла 1,7 мільярда рублёў акцызаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі