Вы тут

Колькасць прыхільнікаў саюзу з Расіяй сярод беларусаў знізілася з 60% да 40%

Акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі ў снежні 2019 года / Еўрарадыё

За 2019 год у Беларусі колькасць прыхільнікаў саюзу з Расіяй знізілася з 60,4% да 40,4%, паведамляе "Белсат". Такія вынікі паказала сацыялагічнае даследаванне, праведзенае Беларускай аналітычнай майстэрняй Андрэя Вардамацкага.

Даследаванне праводзлася ў снежні 2019 года. Сярод апытаных былі людзі з розных рэгіёнаў Беларусі — як гарадское, так і сельскае насельніцтва.

У студзені за саюз з Расіяй выступалі 60,4%. Потым ішло паступовае змяншэнне іх долі, але яшчэ ў верасні 2019-га саюз з Расіяй падтрымлівалі 54,8% апытаных. Але ў апошнія месяцы года іх колькасць знізілася да 40,4%. 

Адначасова колькасць прыхільнікаў уваходжання ў Еўрасаюз вырасла з 24,4% да 32%.

“З верасня па снежань змяншэнне на саюз з Расіяй на 15%. І адначасова ідзе ўздым арыентацыі на Еўропу, але ён ідзе ў два разы больш павольна. Гэта не звязана з пацяпленнем стаўленнем з Еўропай у прыватнасці і з Захадам у цэлым, а звязана з пахаладаннем адносінаў з Расеяй”, — распавёў Еўрарадыё Андрэй Вардамацкі.

Нагадаем, што восень-зіма 2019 года праходзілі пад знакам інтэграцыйных перамоваў і звязаных з імі пратэстаў. У снежні ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі прайшла серыя акцыяў у абарону незалежнасці і супраць інтэграцыі з Расіяй.

Вынікі сацыялагічнага апытання / belsat.eu

Паводле звестак сацыялагаў, 74,6% беларусаў лічаць, што Беларусь і Расія мусяць быць незалежнымі дзяржавамі, але мець сяброўскія дачыненні з адкрытай мяжой, адсутнасцю візаў і мытні. Пры гэтым 6,6% апытаных заяўляюць, што з Расіяй павінна быць закрытая мяжа, мытня і візы, як і з іншымі краінамі.

За аб’яднанне Беларусі і Расіі ў адну саюзную дзяржаву выступаюць 12,8% апытаных, Ёсць і тыя, хто падтрымлівае ўваходжанне нашай краіны ў склад Расіі — іх 3,7 %.

Абвальнае зніжэнне прарасійскіх настрояў у грамадстве напрыканцы года Андрэй Вардамацкі звязвае з дзейнасцю афіцыйных СМІ. 

“Гэта медыйны эфект, звязаны з зменай танальнасці асвятлення беларускімі медыя узаемаадносін [Расіі. — Еўрарадыё] з Беларуссю”, — тлумачыць сацыёлаг.

Ён мяркуе, што ў 2020 годзе на геапалітычны выбар беларусі па-ранейшаму будуць уплываць беларуска-расійскія адносіны і тое, як іх будуць асвятляць СМІ.

На думку Вардамацкага, паступовы рост прарасійскіх настрояў магчымы, хаця зрабіць гэта будзе дастаткова цяжка. "Назіраецца пэўнае зацвярдзенне трэнду на зніжэнне прарасійскіх настрояў", — канстатуе ён.

Вынікі сацыялагічнага апытання / belsat.eu

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.