Колькасць беларускіх ВНУ плануюць скараціць з 54 да 20

У Гродне праходзіць міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная праблемам і перспектывам інавацыйнага развіцця універсітэцкай адукацыі і навукі. На пленарным пасяджэнні прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Ігар Цітовіч паведаміў, што да канца 2015 года плануецца распрацаваць канцэпцыю аптымізацыі структуры вышэйшай школы краіны.

Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, апошнія 20 гадоў усе еўрапейскія краіны сутыкаюцца з неабходнасцю аптымізаваць сістэму установаў вышэйшай адукацыі. Прычына не толькі ў неабходнасці знізіць выдаткі пры эканамічным крызісе, але і ў дэмаграфічнай сітуацыі. У сярэднім прынята лічыць дастатковым адной ВНУ на 700 тысяч — 1 мільён насельніцтва.

Для Беларусі гэта таксама актуальная задача.Таму да канца гэтага года плануецца выпрацаваць канцэпцыю аптымізацыі. Па словах Цітовіча, колькасць беларускіх ВНУ мяркуецца скараціць з 54 да 20. Гэтую задачу, кажа спецыяліст, будуць вырашаць не за бліжэйшыя год-два, а за пяцігодку. Цітовіч дадаў, што буйныя рэгіянальныя ўніверсітэты застануцца.

Разам з тым ён падкрэсліў, што рэструктурызацыя сістэмы вышэйшай школы ў Беларусі — пакуль дыскусійная тэма.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі