Колішні самалёт Лукашэнкі прадаюць на аўкцыёне за $2 млн

Колішні самалёт Лукашэнкі прадаюць на аўкцыёне за $2 млн

На аўкцыёне ў Мінску прадаецца колішні беларускі “Борт №1” — самалёт “Ту-154М”, на якім лётаў Аляксандр Лукашэнка. Таргі па продажы “паветранага судна, якое знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці”, пройдуць 5 снежня 2018 года.

Самалёт прадае ТАА “Авіякампанія “Белавія”, за яго хочуць 4 292 900 рублёў. Па курсе на 5 лістапада гэта $2 млн. Задатак мусіць скласці 10% ад гэтай сумы.

“Ту-154М” (бартавы номер EW-85815) выпушчаны ў 1995 годзе. Аляксандр Лукашэнка лётаў на ім яшчэ ў сярэдзіне 2010-х, прычым на адной з прэс-канферэнцый распавядаў, што “дзеліць” самалёт з віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам.

Колішні самалёт Лукашэнкі прадаюць на аўкцыёне за $2 млн
Фота: www.jetphotos.com

У 2012 годзе для кіраўніка Беларусі набылі новы самалёт — Boeing-767-300ER. Але нават замену борта на больш сучасны і больш дарагі Лукашэнка здолеў патлумачыць эканоміяй:

"А ў мяне Ту-154, ён да гэтага часу лётае, а я хутка буду 20 гадоў прэзідэнтам. І тое, што мы купілі ў туркменскага боку самалёт, дык вы як чалавек, беларус, вы б сказалі: “Не, ты не павінен самалёт, які быў у карыстанні, купляць — гэта прэстыж краіны, павінен купіць новы. Але гэта ў 2,5 разы даражэй”.

Апошні раз Лукашэнка лётаў на “Ту-154М” у верасні 2016 года. Тады кіраўнік Беларусі здзяйсняў афіцыйны візіт у Кітай. Максімальная дальнасць палёту “Ту-154” — крыху менш за 4 тысячы км. Самалёту спатрэбілася дазапраўка, таму на шляху з Еўропы ў Азію ён рабіў прамежкавую пасадку ў Навасібірску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі