КНР і сусветная супольнасць выказаліся пра вайну — год з пачатку агрэсіі

Сёння спаўняецца год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну / facebook.com/GeneralStaff.ua
Сёння спаўняецца год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну / facebook.com/GeneralStaff.ua

Сёння спаўняецца год з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Да гадавіны вайны выказацца нарэшце вырашыў Кітай. Але пазіцыя Пекіна зноў засталася не ясная. Усе 12 пунктаў плана вытрыманыя ў стрыманых закліках: паважаць суверэнітэт усіх краін, спыніць ваенныя дзеянні, аднавіць мірныя перамовы, адмовіцца ад "менталітэту халоднай вайны" і гэтак далей.

Дакумент называецца "пазіцыя Кітая па палітычным ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу". Раней кітайскі амбасадар у ААН Чжан Цзюнь, калі анансаваў дакумент, папярэдзіў, што кітайскі бок не называе яго мірным планам. "Гэта пазіцыйны дакумент. Галоўным чынам мы будзем заклікаць да міру, да дыялогу, да мірнага ўрэгулявання", — казаў тады ён, нагадвае Hromadske.

Тым часам у Генасамблеі ААН прынялі рэзалюцыю з заклікам да Расіі вывесці войскі з тэрыторыі Украіны. Акрамя таго, у дакуменце замацавалі "формулу міру", якую сфармуляваў Уладзімір Зяленскі. Дакумент падтрымала 141 краіна са 193. Супраць выказаліся прадстаўнікі сямі краін — Беларусі, Малі, Нікарагуа, Расіі, Сірыі, Паўночнай Карэі і Эрытрэі. Яшчэ 32 дзяржавы (у тым ліку Індыя і Кітай) устрымаліся.

Китай высказался о войне, а США объявили о новой помощи — год с начала  войны
Вынікі галасавання па ўкраінскай рэзалюцыі ў ААН

ЗША абвясцілі аб новым пакеце вайсковай дапамогі Кіеву на суму 2 мільярдаў долараў. Новае фінансаванне будзе накіравана на закупкі і вытворчасць для Украіны: ракет для HIMARS; 155 мм артылерыйскіх боепрыпасаў; абсталявання для процідзеяння беспілотнікам, а таксама для размініравання і бяспечнай сувязі. Частка сродкаў пойдзе на фінансаванне навучання і абслугоўвання, піша Reuters.

Выдзяленне дапамогі пацвердзіў дарадца Белага дома па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван. У яго таксама спыталі пра амерыканскія знішчальнікі F-16, якія просіць Украіна. Калі коратка, то пакуль не. "F-16 — гэта не пытанне для кароткатэрміновай барацьбы. F-16 — гэта пытанне для доўгатэрміновай абароны Украіны", — сказаў ён.

Саліван таксама быў госцем дыскусіі, якую арганізаваў да гадавіны пачатку вайны тэлеканал CNN. Там ён заявіў, што, як бы ні развіваліся падзеі ў далейшым, Расія ўжо прайграла вайну з Украінай. "Мэтай Расіі ў гэтай вайне было сцерці Украіну з карты, узяць сталіцу і знішчыць Украіну, паглынуць яе. Яны пацярпелі правал, і ў далейшым ужо не будуць здольныя дасягнуць гэтых мэтаў", адзначыў Саліван.

З пачатку вайны расіяне нанеслі па тэрыторыі Украіны амаль 5 тысяч ракетных удараў, 3,5 тысяч авіяцыйных, а таксама больш за 1,1 тысячы удараў дронамі. Такія лічбы да гадавіны агучыў намеснік начальніка ГУ уркаінскага Генштаба Аляксей Громаў, піша УНІАН.

Китай высказался о войне, а США объявили о новой помощи — год с начала  войны
Наступствы ракетнага абстрэлу 14 студзеня 2023 года ў Дняпры. Адна ракета трапіла ў 9-павярховы жылы дом, загінулі не менш за 46 чалавек / @uniannet

На фронце тым часам без істотных пераменаў. Расіяне спрабуюць наступаць у Луганскай і Данецкай абласцях: на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках. За мінулыя суткі Сілы абароны Украіны адбілі каля 100 расійскіх нападаў на гэтых напрамках. "Пры гэтым расійскія акупанты нанеслі 10 ракетных і 31 авіяцыйны ўдар", адзначаюць украінскія вайскоўцы. Пацярпелі грамадзянскія аб'екты Харкаўскай вобласці і Херсонскай вобласці. Ёсць загінулыя і параненыя сярод мірных жыхароў.

Напярэдадні ўвечары ў выніку расійскага ўдару быў пашкоджаны магістральны трубаправод. Ён забяспечваў ацяпленне каля 600 дамоў. Гэта больш за 40 тысяч чалавек. Пра гэта распавёў у вячэрнім відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

"Рамонтныя работы будуць працягвацца без перапынку, пакуль не будзе адноўлена забеспячэнне цяпла. І мы адновім!", — паабяцаў кіраўнік украінскай дзяржавы. Аб крытычнай сітуацыі з ацяпленнем напярэдадні гаварыў Кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Паводле яго слоў, праблема ўзнікла пасля абстрэлу расійскіх войскаў. Херсонскія ўлады параілі жыхарам падрыхтаваць абагравальнікі і цёплыя рэчы.

А сёння Зяленскі звярнуўся да ўкраінцаў у сувязі з гадавінай вайны. Сказаў, што гэта быў "год нашай з вамі нязломнасці. Ведаем, што 2023 будзе годам нашай з вамі перамогі".

Сёння ў гадавіну расійскага ўварвання над Рэйхстагам падымуць сцяг Украіны. Украінскі сцяг таксама з'явіцца на палацы Бельвю, які займае прэзідэнт Германіі, і на будынку ведамства федэральнага канцлера Германіі. Чакаецца, што да акцыі далучацца і некаторыя федэральныя міністэрствы.

Агульнанацыянальную хвіліну маўчання абвясціць сёння і ўрад Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. А мінулай ноччу ў колеры ўкраінскага сцяга афарбаваўся будынак Еўрапарламента ў Брусэлі. Сінім і жоўтым колерам ў гадавіну поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну падсвяцілі і Эйфелеву вежу ў Парыжы.

Китай высказался о войне, а США объявили о новой помощи — год с начала  войны
Эйфелеву вежу ў Парыжы падсвяцілі ў колеры ўкраінскага сцяга /@uniannet

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі