Клічко — Януковічу: Тэледэбаты правядзем, але пасля вашай адстаўкі

У аўторак Віктар Януковіч праз сваю прэс-службу прапанаваў Віталю Клічко правесці дэбаты на адным з агульнанацыянальных тэлеканалаў. Яшчэ раней, у нядзелю, 9 лютага падчас "народнага веча" ў цэнтры Кіева Клічко запрасіў Януковіча правесці дэбаты на Майдане Незалежнасці (гл. відэа).

У сваёй учорашняй заяве Віталь Клічко адзначыў, што пагаджаецца на тэледэбаты, але ў тым выпадку, калі будуць аб'яўленыя новыя прэзідэнцкія выбары.





"Але спачатку ён [Віктар Януковіч] павінен зрабіць адзін мужны крок, — цытуе словы Віталя Клічко УНІАН. — У тым вострым палітычным і эканамічным крызісе, да якога давяла Украіну яго ўлада, прызнаць сваю адказнасць і падаць у адстаўку. І ў рамках прэзідэнцкай кампаніі я ў любы момант гатовы сустрэцца з Януковічам на дэбатах".

 

Нагадаем, у лістападзе 2013 года ўкраінскі ўрад адмовіўся падпісаць дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Ад таго часу ў Кіеве і іншых гарадах Украіны праходзяць акцыі пратэсту. Спачатку пратэстоўцы патрабавалі ад ураду падпісаць дамову з ЕС, пазней яны пачалі патрабаваць адстаўкі кабінета міністраў і пакарання вінаватых у жорсткім разгоне Майдана 30 лістапада. У выніку, урад Мікалая Азарава пайшоў у адстаўку. Аднак пратэстоўцы патрабуюць выканання іншых патрабаванняў, у тым ліку прызначэння датэрміновых выбараў і вызвалення арыштаваных дэманстрантаў.

Фота — ria.ru