Кітайскія будаўнікі з'ехалі з “Пекіна”… на Новы год!

Апошняе кітайскае

 

На перамовах у Кітаі прэм’ер Мясніковіч нагадаў тамтэйшым пра тэрміны здачы гатэля “Пекін”. Пяцізоркавая гасцініца на 200 нумароў, якую кітайцы будуюць у цэнтры Мінска, мусіць запрацаваць ў красавіку 2014 года. Але за тры месяцы да адкрыцця “Пекін” не робіць уражанне дабудаванага.

“Я думаю, мы ўсё паспеем. Насамрэч, звонку ўжо ўсё дарабілі. Зараз ідзе толькі ўнутраная аддзелка”, — распавядае Еўрарадыё Гао Юань, прадстаўнік кітайскай кампаніі BUCC, што будуе гатэль. Насамрэч, вакол гмаху ў парку 40-годдзя Кастрычніка яшчэ стаяць рыштаванні, па якіх увесь час гойсаюць будаўнікі.

Але паспець трэба, бо ў “Пекін” плануецца сяліць удзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі. Ён пачынаецца 9 траўня. На час будаўніцтва — з кастрычніка 2010 аж па студзень 2015 года — падрадчыка нават вызвалілі ад падатку на дададзеную вартасць. Так што недабудаваць будзе неяк няёмка. Дый штрафы за невыкананне інвестыцыйных дамоваў сёння — не рэдкасць.

 

Браніруй мяне, калі зможаш

“Мы плануем адкрывацца 15 красавіка. І мы інфармавалі арганізатараў чэмпіянату свету, што гатовы з траўня прыняць гасцей, якія будуць прыязджаць на чэмпіянат”, — каментуе для Еўрарадыё Сяргей Уладыка, намеснік дырэктара гатэля “Пекін”. Хаця гасцініца яшчэ і не адкрылася, яе адміністрацыя працуе. Забраніраваць нумар можна хоць сёння, але гэта няпроста:

“Пакуль што ў нас, скажам так, вузел браніравання не створаны. Ёсць тэлефонны нумар, факсавы. Але супрацоўнікі яшчэ не размешчаныя ў офісе гасцініцы, і АТС яшчэ не ўключаная, — працягвае Сяргей Уладыка. — Але супрацоўнік займаецца ў аддзеле маркетынгу прыёмам заявак. І калі мы вам заяўку пацвердзім, дык мы ўжо абавязаныя”.

$2100 за ноч

У сакавіку “Пекін” абзавядзецца сайтам, які надасць браніраванню нумароў чалавечае аблічча. Не жадаючы чакаць, Еўрарадыё распытала намдырэктара “Пекіна” пра кошты нумароў. Новы гатэль стане адным з самых дарагіх у Мінску!

“Стандартны нумар: 35-37 квадратных метраў з шырокім ложкам — як мы кажам, па рэку [rack rate гэта поўны кошт, без зніжак. Столькі чалавек заплаціць, калі прыйдзе ў гатэль проста з вуліцы і здыме нумар на адну ноч. — Еўрарадыё] каштуе 280 долараў. Больш дарагія нумары каштуюць ад 330 да 650 долараў за ноч. Прэзідэнцкі нумар у нас называецца Beijing Suit. Яго плошча — прыкладна 500 квадратных метраў, а рэкаўскі кошт — 2100 долараў за ноч”.

На час чэмпіянату свету стандартны нумар падаражэе на 30 долараў. А вось кошт прэзідэнцкіх апартаментаў не зменіцца.

Для параўнання, presidential suite у нядаўна адкрытым “Прэзідэнт-гатэлі” каштуе 2430 долараў. У Crowne Plaza кошт прэзідэнцкага нумару вар’юецца ў залежнасці ад даты. Па працоўных днях ён каштуе 1000 еўра (~1380 долараў), па выхадных — 800 еўра (~1105 долараў). У гасцініцы “Мінск” прэзідэнцкі нумар каштуе 880 долараў за ноч. У гасцініцы “Вікторыя” трохпакаёвыя апартаменты каштуюць 7680000 рублёў (~800 долараў).

Насустрач блакітнаму каню

Тое, што нумары ўжо можна браніраваць, сведчыць пра ўпэўненасць заказчыка ў своечасовым заканчэнні будаўнічых працаў. Але адзін з інжынераў, які працуе на будоўлі, распавядае Еўрарадыё, што тэрміны здачы гатэля можа сарваць… кітайскі Новы год!

“Хутка ў Кітаі будзе іх Новы год, але пасля ўсё паскорыцца. Зараз яны з’ехалі, колькасць рабочых зменшылася. Але з сярэдзіны лютага, наадварот, павялічыцца. І таму там не будзе праблем”.

У 2014 годзе кітайскі Новы год адзначаецца ўночы з 30 на 31 студзеня. Вось кітайцы і з’ехалі з будпляцоўкі — насустрач блакітнаму каню.

Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, дабудуюць “Пекін” да пачатку чэмпіянату ці не, залежыць толькі ад колькасці людзей, якія працуюць “на аб’екце”. А кітайцаў, як вядома, шмат.

Тым часам

Генпракуратура выявіла, што частка інвестараў, атрымаўшы на льготных умовах участкі ў Мінску пад забудову камерцыйнай нерухомасцю, не спраўляецца з праектамі. Адна з фірмаў (на сайце пракуратуры яе называюць СП ТАА "А") у красавіку 2010 года заключыла з Мінгарвыканкамам дамову на будоўлю бізнес-цэнтра з адміністрацыйна-гасцінічным комплексам і паркінгам. Да красавіка 2014 года фірма абяцала ўкласці ў будоўлю 200 мільёнаў долараў.

Аднак інвестары сваіх абавязкаў не выканалі. У выніку Мінгарвыканкам разарваў дамову з імі ў аднабаковым парадку. А пракурор горада Мінска адсудзіў у іх 4 мільёны долараў штрафу. Акрамя таго, нядобрасумленны інвестар заплаціў пошліну за разгляд справы судом — 380 мільёнаў рублёў.

Фота: Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі