Вы тут

Кітай "замарозіў" амаль $600 млн на будоўлі Нежынскага камбіната Гуцэрыева

Міхаіл Гуцэрыеў / Коммерсантъ 

Кітай часова спыніў праект будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Гэта адбылося па прычыне ўведзеных супраць Беларусі санкцый, паведамляе "Наша Ніва".

Кампанія "Слаўкалій" Міхаіла Гуцэрыева ўзводзіць гэты камбінат на крэдытныя сродкі Кітая пад гарантыю беларускага ўрада.

Але з канца чэрвеня на пляцоўцы прыпыненыя будаўнічыя работы. Паводле праекта выкарыстана ўжо 820 мільёнаў долараў, але яшчэ 580 мільёнаў "завіслі" на кітайскім баку.

"Слаўкалій" летам не атрымаў з іх чаканы транш у 103 мільёны. Будаўнічыя кампаніі пачалі з'язджаць з пляцоўкі, бо кампанія мае перад імі даўгі.

Па факце Гуцэрыеў узяў у кітайцаў крэдыт на 1,4 мільярды долараў на будаўніцтва камбіната пад гарантыі беларускага ўрада. Сваіх грошай, па розных ацэнках, ён уклаў ад 250 да 600 мільёнаў долараў. 

Распрацоўка Нежынскага радовішча калію пад Любанню — амбіцыйны праект Гуцэрыева, якому ў свой час Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў удзельнічаць у прыватызацыі Беларуськалія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.