Кітай паляпшае імідж Алімпіяды ў Пекіне з дапамогай заходніх блогераў

Лога зімовай Алімпіяды ў Пекіне / Deutsche Welle
Лога зімовай Алімпіяды ў Пекіне / Deutsche Welle

Генеральнае консульства Кітая ў Нью-Ёорку падпісала кантракт на 300 тысяч долараў для супрацоўніцтва з блогерамі — каб палепшыць імідж зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне, піша The Guardian. Уся справа ў тым, што шэраг краінаў адмовіліся ад удзелу ў Алімпіядзе ў Кітаі, абвясціўшы палітычны байкот. А актывісты ўвогуле заклікалі адмяніць алімпійскія гульні ў гэтай краіне.

Згодна з дагмовай аб "распрацоўцы стратэгіі і правядзення кампаніі" зімовых Алімпійскіх гульняў і Паралімпійскіх гульняў, які карэспандэнт Newsweek і былы кіраўнік Fox News і HSBC Віпіндэр Джасвал падпісаў яшчэ ў лістападзе 2021 года з генконсульствам Кітая, у перыяд з 22 лістапада па 13 сакавіка блогеры павінны стварыць да пяці матэрыялаў для Кітая. 70% кантэнту павінна быць звязана з культурай — пра гісторыю Пекіна, культурныя рэліквіі, сучаснае жыццё людзей і новыя тэндэнцыі. Яшчэ 20% павінны асвятляць "супрацоўніцтва і любыя станоўчыя моманты ў адносінах паміж Кітаем і ЗША".

Пасля падпісання пагаднення Джасвал атрымаў 210 тысяч долараў. Ён паабяцаў Пекіну, што забяспечыць прыкладна 3 мільёны паказаў у сацсетках, дзе сядзіць моладзь ЗША — TikTok, Instagram і г.д.

Джасвал заявіў, што добра дасведчаны аб сітуацыі з рэпрэсіямі супраць уйгураў і Ганконга, але запэўніў, што проста спрабуе падкрэсліць "сумленнасць і годнасць Алімпійскіх гульняў" і лічыць, што байкоты неэфектыўныя.

Джасвал сцвярджае, што кампанія ўжо атрымала да 50 прапаноў ад інфлюэнсераў: ад былых алімпійцаў да прадпрымальнікаў.

Алімпійскія гульні ў Пекіне пройдуць з 4 да 20 лютага. ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Новая Зеландыя, Аўстралія, Нідэрланды, Данія і Літва заявілі, што іх дыпламаты будуць байкатаваць спаборніцтва. Гэты дыпламатычны байкот Пекіна звязаны з прыцісненнем дэмакратычных правоў у Ганконгу і рэпрэсіямі ў дачыненні да уйгураў — меншасці, якая жыве ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне Кітая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі