Кіраўнікі спецПТВ, абвінавачаныя ў збіцці падлеткаў, не прызнаюць віну

Кіраўнікі спецПТВ, абвінавачаныя ў збіцці падлеткаў, не прызнаюць віну

У судзе Чавускага раёна з апошнім словам выступаюць кіраўнікі Магілёўскай спецыяльнай прафесійна-тэхнічнай вучэльні №2 закрытага тыпу. Іх вінавацяць у перавышэнні паўнамоцтваў і збіцці навучэнцаў. Дырэктара СПТВ — яшчэ і ў злоўжыванні ўладай і парушэнні ПДР. 

Пад судом апынуліся экс-дырэктар вучэльні Малышкін і два яго намеснікі — Баравікоў і Доўгі. Усе трое не прызнаюць віну. Баравікоў настойвае на тым, што яго абылгалі, піша tut.by.

Пацярпелымі па справе праходзяць восем навучэнцаў, якія паскардзіліся на пабоі.

Паводле звестак папярэдняга следства, абвінавачаныя білі падлеткаў рукамі і нагамі па розных частках цела, па галаве і твары таксама. Пры гэтым яны абражалі навучэнцаў, у тым ліку нецэнзурна. 

Кіраўнікі віну прызнаюць часткова. Малышкін — у тым, што парушыў ПДР, Баравікоў — "часткова ў кожным з эпізодаў". А Доўгі не згодны са сцвярджэннем, што дзейнічаў у групе і наўмысна збіваў пацярпелых.

Бацькі пацярпелых падлеткаў на судзе настойвалі на пакаранні толькі ля дырэктара спецустановы Малышкіна. Адна з мацярок заявіла: "Я не разумею, чаму судзяць Доўгага — сын пра яго не казаў. Я лічу, што Баравікову досыць таго, што ён ужо адбыў [у СІЗА]. А Малышкін як дырэктар павінен адказаць".

Дарэчы, намеснік дырэктара Баравікоў у сваім апошнім слове заявіў, што яго абылгалі: "Я сам выратаваў ад судоў столькі падлеткаў, а мяне пасадзілі, агаварылі. А цяпер каюцца, просяць прабачэння: маўляў, мы не думалі, што так атрымаецца. Гэта дзеці, яны вырашылі пажартаваць, пагуляцца, для іх гэта жарт. Які скончыўся горам для сям'і, для ўсіх блізкіх, для мяне асабіста".

У апошнім слове Баравікоў згадаў, як "намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце збіў адурманены клеем выхаванец". Пасля гэтага супрацоўнік СПТВ правёў у шпіталі паўтара месяца са зламанай сківіцай, а падлетку пакарання не было. Баравікоў дадаў, што не адзін раз прасіў зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання падлеткаў у СПТВ, каб не было ўцёкаў, але яго ніхто не слухаў.

Абвінавачаны патлумачыў, што большую частку часу ён прысвяціў сваёй сям'і — бацькам і асабліва сястры, беларускай пісьменніцы і паэтцы Раісе Баравіковай. Таксама распавёў, што двойчы звальняўся па ўласным жаданні з СПТВ, двойчы яго запрашалі назад і ён згаджаўся.

Былы дырэктар спецвучэльні Малышкін выступіць з апошнім словам 26 лістапада.

Пракурор просіць для Малышкіна, Баравікова і Доўгага пакаранне ў выглядзе пяці з паловай, чатырох і трох гадоў пазбаўлення волі адпаведна без канфіскацыі маёмасці. Для Малышкіна ён таксама просіць штраф памерам 400 базавых велічынь.

Нагадаем, што ў лістападзе 2017 года шасцёра падлеткаў уцяклі з СПТВ. Іх знайшлі ў той жа дзень і вярнулі ва ўстанову, а там, па словах хлопцаў, збілі. Пяцёра атрымалі розныя траўмы, а 16-гадовы Андрэй быў шпіталізаваны з траўмай пазваночніка. У лякарні падлетак правёў два тыдні, а пасля выпіскі яго вярнулі ў СПТВ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі