Кіраўнікі ЕС прынялі заяву пра "знешні ціск" на Украіну з боку Расіі

У заяве адзначаецца, што ЕС вядома пра "знешні ціск, які церпіць Украіна".





"Мы рашуча асуджаем расійскую пазіцыю і дзеянні ў гэтым кірунку, — цытуе дакумент Reuters. — Больш трывалыя адносіны з Еўрасаюзам не дасягаюцца за кошт адносінаў паміж усходнімі партнрёамі і іншымі іх суседзямі, такімі як Расія. "Усходняе партнёрства" задуманае, як узаемавыгаднае, дзе мы ўсе выйграем. Еўрапейскі саюз гатовы патлумачыць Расійскай Федэрацыі ўзаемную выгаду павелічэння гандлю і абменаў з нашымі суседзямі пры поўным захаванні суверэнітэта і незалежнасці нашых усходніх партнёраў".





Херман ван Рампей і Жазэ Мануэл Барозу падкрэслілі, што Еўрасаюз не адклікае сваю прапанову Украіне падпісаць пагадненне аб асацыяцыі. Яны спадзяюцца, што ў кіраўніцтва нашай паўднёвай суседкі знойдзецца палітычная воля і рашучасць, каб усё ж зрабіць гэты крок.

 

Нагадаем, 21 лістапада Вярхоўная рада праваліла ўсе варыянты законаў аб выездзе былога прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнка на лячэнне за мяжу. У выніку яна засталася за кратамі, а адна з умоў Еўрасаюза напярэдадні падпісання Дамовы аб асацыяцыі была не выканана. Пазней Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння пагаднення і даручыў шэрагу міністэрстваў засяродзіцца на развіцці адносінаў з СНД і Мытным саюзам, а таксама загадаў нармалізаваць адносіны з Расіяй.

Акрамя таго, Кабінет міністраў ініцыяваў стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле ЕС і Расіі. Пазней, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўрасаюзам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расіі. Януковіч заявіў аб пагрозах абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны. А гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты.

Дамова аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам падпісваецца з краінай, што не з’яўляецца сябрам ЕС. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, гандлю, сацыяльных, культурных сувязяў і ўмацаванне бяспекі. Краіна, што падпісвае такую дамову з ЕС, павінна правесці адпаведныя рэформы. У абмен на гэта яна можа атрымаць бяспошлінны доступ да рынкаў ЕС, а таксама фінансавую або тэхнічную дапамогу. Пагадненне аб асацыяцыі ўключае ў сябе і пагадненне аб свабодным гандлі.

Фота — Reuters