Вы тут

Кіраўнік атрада “Анёл”: Мы абследавалі амаль усе месцы, дзе б мог быць Максім

Фота: Еўрарадыё

Пошукі 10-гадовага Максіма Мархалюка ідуць ужо дзесяць дзён. Ці ёсць шанцы знайсці яго і ці зменіцца нешта з-за таго, што была распачатая крымінальная справа. Еўрарадыё звязалася з камандзірам пошукава-выратавальнага атрада "Анёл" Сяргеем Коўганам, які знаходзіцца на месцы падзей у вёсцы Новы Двор.

"На дадзены момант абследаваная амаль уся тэрыторыя, дзе б ён мог быць. Правяраюцца паўторна розныя квадраты, якія падазроныя ці дзе ён можа знаходзіцца, — распавядае Сяргей Коўган. — Сёння раніцай было зарэгістравана каля 70 валанцёраў, але пазней прыязджалі яшчэ, дакладную лічбу пакуль сказаць складана".

Нягледзячы на тое, што ўжо прайшло даволі шмат часу, Сяргей упэўнены, што шанцы знайсці хлопчыка жывым яшчэ ёсць.

"Калі б шанцаў не было, то мы б не накіроўвалі туды пошукавыя групы. Не марнавалі б вялізны чалавечы рэсурс і сродкі. Мы ўсё ж разлічваем яго знайсці. Кожны выезд пошукавай групы, кожны збор валанцёраў, заўсёды робіцца з той надзеяй, што мы яго знойдзем".

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу наконт знікнення хлопчыка. Але, на думку Сяргея, гэта ніяк не паўплывае на іх дзейнасць. Следчыя займаюцца сваёй справай, валанцёры — сваёй:

"Галоўная задача нашага атрада — аказанне дапамогі ў пошуках зніклых. Мы падраздзяленне, якое падрыхтаванае для пэўных задач. З нашага боку нічога не зменіцца. Нам не было прынцыпова, распачатая крымінальная справа ці не. Наша задача была і застаецца — шукаць Максіма ў лесе".

Нагадаем, 10-гадовы Максім Мархалюк, жыхар вёскі Новы Двор, знік у Белавежскай пушчы 16 верасня. Каля 20.00 ён паехаў на ровары ў бок лесу і не вярнуўся. У мінулыя выхадныя яго шукалі некалькі тысяч валанцёраў, а таксама супрацоўнікі МНС, міліцыі і Міністэрства абароны. Аднак дагэтуль знайсці яго не ўдалося.